БЕЛ Ł РУС

Севярынец: Ціханоўскі перайшоў чырвоную рысу. Не ганьбі мужчынаў і беларусаў. Вяртайся

20.11.2026 / 14:26

Nashaniva.com

Павел Севярынец у сваім допісе ў тэлеграм-канале рэзка прайшоўся па Ціханоўскім.

«Калі ён пачаў публічна абвінавачваць і прыніжаць Святлану, ад яго адхіснулася большасць беларусаў. Сам стрымліваўся, бо адносіны ў сям'і рэч скрайне асабістая. Стрымліваўся, бо ведаю Сяргея, цаню тое, што ён зрабіў у 2020‑ым і як адсядзеў, і спадзяваўся, што крыўды мінуць і ён вернецца ў беларускі рух.

Пачаў ваяваць з беларускай незалежнай прэсай — Сярога, навошта? Гэта людзі, якія разам з намі змагаюцца за свабоду!

Але, Сярога, твае словы пра беларускую мову і абвінавачанне Святланы ў тым, што яна гаворыць па-беларуску, а не па-руску — гэта край. Гэта дзіч, дружа. Гэта чырвоная рыса. Калі беларус, беларускі палітык публічна грэбуе беларускай мовай і патрабуе пераходзіць на рускую — для мяне ён пераходзіць у катэгорыю скончаных вылюдкаў.

Калі ты публічна не прабачышся за гэтыя словы — лічы, што ты страціў сябра. І павагу. Вельмі многіх беларусаў. Проста перастанеш для мяне існаваць.

«І зачем она вообще там по-белорусскі заговоріла? Все вокруг по-русскі говорят. …Это же неуваженіе к ведущему стріма і к белорусам, которые прішлі. Ну, говорі по-русскі. Ну, какіе проблемы?»

Такія праблемы, Сярога. Нас забіваюць за тое, што мы беларусы. Нас стагоддзямі катавалі і расстрэльвалі за тое, што мы размаўляем на сваёй роднай мове, якую нам даў Бог.

Перапрасі беларусаў. Пераходзь на беларускую мову. І проста маё меркаванне: Святлану ты павінен насіць на руках. За тое, што яна выбрала цябе. За тое, што нарадзіла тваіх дзяцей. За тое, што ў 2020‑ым пайшла за цябе і за Беларусь на смяротную рызыку. За тое, што змагалася за цябе і чакала цябе. За тое, што зараз маўчыць і трывае, хаця магла б адказаць.

Не ганьбі мужчынаў і беларусаў. Вяртайся», — напісаў лідар БХД.

Учора Сяргей Ціханоўскі абурыўся беларускай мовай Святланы Ціханоўскай падчас наведвання Нью-Ёрка ў рамках візіту на Генасамблею ААН у верасні 2025 года.

«Навошта яна наогул там па-беларуску загаварыла? Усе вакол па-руску гавораць. Яна дома па-руску размаўляе, думае па-руску. Я таксама гавару па-руску. Гэта ж непавага да вядучага стрыма і да беларусаў, якія прыйшлі. Ну, гавары па-руску. Ну, якія праблемы?»

Паводле Ціханоўскага, на іншых эфірах Святлана размаўляе па-руску, а з ім — не. «Ходзіш ты на свае эфіры, там, дзе ты па-беларуску размаўляеш, — калі ласка… А да мужа свайго, які гаворыць па-руску, — гэта была непавага, абсалютная непавага», — сказаў ён.

Чытайце таксама:

Сяргей Ціханоўскі абурыўся беларускай мовай Святланы Ціханоўскай

«Святлана не прыйшла на стрым, сапсаваўшы мне дзень нараджэння і настрой і не падарыўшы ніякага падарунка»

Каментары да артыкула