БЕЛ Ł РУС

Віцебскі вядучы, на якога данеслі за жарт на закрытым мерапрыемстве, расказаў, чым усё скончылася

20.11.2026 / 14:46

Nashaniva.com

«Той чалавек адказаў, што яму пофіг, і паралельна скінуў усё гэта ў чат-бот МУС».

Віталь Савельеў падчас свайго выступлення. Скрыншот з відэа

Віцебскі вядучы Віталь Савельеў расказаў, чым скончылася гісторыя, калі на яго данеслі ў міліцыю за непалітычны жарт на закрытым мерапрыемстве.

Што было? На мерапрыемстве, дзе збіраюцца тыя, хто працуе ў вясельнай індустрыі, каб адсвяткаваць канец вясельнага марафону, Віталь у рамках «прасмажкі» пажартаваў пра аднаго са сваіх калег. Таго калегі не было тады ў зале, але яму скінулі відэа з гэтым жартам.

«Той чалавек адказаў, што яму пофіг, і паралельна скінуў усё гэта ў чат-бот МУС.

Натуральна, атрымаўшы сігнал аб правапарушэнні, на яго трэба адрэагаваць. Не было ніякага экшэну з мігалкамі, з нейкімі групамі захопу, якія вы маглі ўбачыць у некаторых відэа. Проста спакойна прыехалі супрацоўнікі, мяне запрасілі выйсці на вуліцу. Ніхто нават не зразумеў, што я кудысьці хадзіў. Мы з імі міла пагутарылі, я ў выдатным настроі вярнуўся назад і працягнуў свой вечар», — падзяліўся Віталь у сацсетках.

У міліцыі пазней паведамілі, што праводзяць праверку. У ведамстве адзначалі, што вядучы «асуджаў яго [калегі] узаемадзеянне з дзяржарганізацыямі ў прафесійнай дзейнасці». З далучанага кароткага фрагмента выступу можна было меркаваць, што сілавікі заўважылі галоўную крамолу ў словах пра «сваіх 20‑працэнтных прыкарытнікаў, ці колькі ў цябе працэнтаў».

Савельеў падкрэслівае, што яго жарт не быў у бок дзяржслужачага.

«Ён не меў ніякага іншага падтэксту, акрамя як погляд на ўзаемаадносіны паміж вядучымі і арганізатарамі мерапрыемстваў».

Паводле яго слоў, сілавыя органы ў выніку прыйшлі да высновы, што ў яго жарце не было абразаў.

Вядучы кажа, што гатовы публічна выбачыцца перад Дзмітрыем Куўшынавым — тым калегам, віцебскім вясельным фатографам, якога гэты жарт пакрыўдзіў. «Я заўсёды адказваю за свае словы».

«Для мяне гэтая гісторыя закрытая, у мяне няма ні крыўды, ні расчаравання — відаць, у маім сусвеце ўвогуле няма тлумачэння такім учынкам. Але адзінае, што я б, напэўна, хацеў сказаць у фінале: калі раптам хтосьці калі-небудзь пра мяне пажартуе і мне гэта не спадабаецца, то я абавязкова вам пра гэта скажу асабіста, гледзячы проста ў вочы», — падсумаваў Віталь.

Чытайце таксама:

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос

У МУС пракаментавалі справу віцебскага вядучага, які небяспечна пажартаваў на закрытым мерапрыемстве

Каментары да артыкула