БЕЛ Ł РУС

Заплацілі, каб змерзнуць на стадыёне. Фанаты «Сэлтыка» сабралі 75 тысяч фунтаў за адну ноч

20.11.2026 / 14:56

Nashaniva.com

Грошы збіралі на дабрачыннасць.

Заўзятары шатландскага «Сэлтыка» заплацілі за магчымасць правесці ноч на халодным стадыёне і сабралі 75 тысяч фунтаў (90 тысяч еўра) на дабрачыннасць, заўважыў Onliner.by.

Начлег адбыўся 14 лістапада на стадыёне «Сэлтык Парк» у Глазга. Больш за сотню фанатаў правялі пад адкрытым небам восем гадзін — з дзясятай вечара да шостай раніцы. Надвор’е адпавядала задуме: было халодна і дажджліва.

Прычым за магчымасць правесці ноч на стадыёне ўдзельнікі яшчэ і плацілі. Рэгістрацыйны ўзнос складаў 30 фунтаў (35 еўра), а кожны павінен быў дадаткова сабраць мінімум 135 фунтаў (160 еўра) ахвяраванняў. Удзельнічаць дазвалялася толькі паўналетнім.

Зусім без выгод заўзятараў не пакінулі. Усю ноч ім бясплатна налівалі гарбату, каву і гарачы ялавічны булён, а таксама частавалі пірагамі. Да акцыі далучыўся былы футбаліст «Сэлтыка» Браян Макклер, а экс-капітан каманды Том Бойд завітаў падтрымаць удзельнікаў. Раніцай усіх чакаў цёплы сняданак.

Пасля начлегу фанатам прапанавалі перадаць свае спальнікі і турыстычныя дыванкі дабрачынным арганізацыям The Invisibles і The Wayside Club, якія дапамагаюць бяздомным у Глазга.

Сабраныя грошы накіруюць у дабрачынны фонд клуба Celtic FC Foundation. На іх плануюць падтрымаць малазабяспечаныя сем’і, пенсіянераў, бяздомных, бежанцаў і людзей, якія жывуць у прытулках.

Падобныя начлегі арганізуе і «Манчэстэр Юнайтэд». На сёння клуб запланаваў пятую такую акцыю на стадыёне «Олд Трафард». Умовы падобныя: 35 фунтаў за рэгістрацыю і абавязацельства сабраць 250 фунтаў ахвяраванняў. Грошы пойдуць на праграмы дапамогі дзецям і падлеткам з малазабяспечаных сем’яў.

Для заўзятараў гэта магчымасць правесці незвычайную ноч на любімым стадыёне. А для тых, хто вымушаны начаваць на вуліцы пастаянна, — шанец атрымаць дапамогу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула