БЕЛ Ł РУС

У Літве будуць пазбаўляць грамадзянства за службу ў арміях Беларусі і Расіі

20.11.2026 / 15:36

Nashaniva.com

Камітэт Сейма Літвы па правах чалавека ўхваліў ініцыятыву Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) аб спрашчэнні працэдуры пазбаўлення грамадзянства Літвы тых, хто служыў ва ўзброеных сілах замежных дзяржаў без дазволу літоўскіх уладаў, паведамляе LRT.

Ілюстрацыйнае фота Мінабароны

Як паведаміў старшыня Камітэта Сейма па правах чалавека Лаўрынас Шэдвіс, камітэт разгледзеў папраўкі да закона аб грамадзянстве і часткова падтрымаў прапанову ДДБ.

«Камітэт часткова падтрымаў гэтую прапанову ДДБ — каб пасля 2010 года асоб, якія служылі ва ўзброеных сілах іншай краіны без дазволу Літвы, можна было пазбаўляць грамадзянства», — заявіў Лаўрынас Шэдвіс.

Паводле слоў парламентарыя, прапанаваныя змены ў першую чаргу датычацца асоб, якія служылі ў арміях Расіі і Беларусі.

Ён таксама ўдакладніў, што прапанова будзе распаўсюджвацца на асоб з падвойным грамадзянствам.

Паводле слоў Шэдвіса, частку прапаноў ДДБ камітэт не падтрымаў, палічыўшы іх залішнімі.

Дзейны цяпер закон аб грамадзянстве ўжо прадугледжвае магчымасць страты літоўскага грамадзянства, калі чалавек служыць на дзяржаўнай службе іншай краіны без дазволу ўрада Літвы. Прапанаваныя папраўкі накіраваныя на спрашчэнне прымянення гэтай нормы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула