Перавыдадзена кніга Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэння альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)»
У выдавецтве «Камунікат» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Сем гадоў Адраджэння альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)», паведамляе bellit.info.
Выданне з’яўляецца хронікай аднаго з найважнейшых перыядаў найноўшай беларускай гісторыі, які прывёў да аднаўлення незалежнасці Беларусі.
Аўтар, непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання, распавядае пра дзейнасць Беларускага Народнага Фронту, барацьбу за дэмакратыю і нацыянальныя каштоўнасці, пра людзей, якія сваёй самаахвярнай працай закладалі падмурак незалежнай беларускай дзяржавы.
«Навумчык аспрэчвае пашыранае ўяўленне пра паразу нацыянальна-дэмакратычных сілаў і паказвае, што менавіта аднаўленне незалежнасці стала іх найвялікшай гістарычнай перамогай», — паведамляе сайт кнігарні «Камунікат».
Другое, выпраўленае і дапоўненае выданне змяшчае новыя эпізоды і ўспаміны аўтара, якія робяць хроніку падзеяў 1988—1995 гадоў больш поўнай.
Кніга дапамагае зразумець, як Беларусь здабыла незалежнасць, хто стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці і чаму барацьба за яе захаванне застаецца актуальнай сёння.