Пад Гроднам мужчына незаконна настраляў два дзясяткі галубоў
У аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна ў багажніку аўтамабіля мужчыны знайшлі 19 падстрэленых галубоў. Інцыдэнт адбыўся 18 лістапада падчас сумеснага рэйду супрацоўнікаў Гродзенскага РАУС і ДАІ.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Кіроўца прызнаўся, што вяртаецца з палявання на галубоў. Участковы выклікаў супрацоўнікаў прыродаахоўнай інспекцыі, якія знайшлі птушак падчас агляду багажніка.
Паводле інфармацыі міліцыі, мужчына паляваў з пнеўматычнай вінтоўкай. Ён патлумачыў, што збіраўся выкарыстоўваць галубоў у якасці прынады для пастак, і заявіў, што не ведаў пра неабходнасць мець дазвольныя дакументы для іх здабычы.
Міліцыя праводзіць праверку. Да прыняцця судовага рашэння ў мужчыны канфіскавалі ўсю наяўную зброю.
Паляванне з пнеўматычнай зброяй у Беларусі забаронена. Шызы голуб належыць да паляўнічых відаў птушак, аднак яго можна здабываць толькі ў вызначаныя тэрміны, дазволенымі спосабамі і пры наяўнасці неабходных дакументаў.
За незаконнае паляванне прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь — ад 450 да 1350 рублёў. Зброю і іншыя прылады палявання могуць канфіскаваць. Акрамя таго, парушальнік павінен будзе кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю.
Чытайце таксама:
У Беларусі збіраюцца больш актыўна паляваць на зуброў
Дырэктар сеткі салонаў «На сувязі» застрэліў на паляванні мядзведзя
У лесе пад Дзяржынскам знайшлі ваўчаня з дэфармаванымі лапамі. Яно аказалася цалкам ручным