БЕЛ Ł РУС

Сэкс з эфектам прысутнасці. У амерыканскіх 4DX кінатэатрах з'явіўся новы трэнд

21.11.2026 / 00:51

Ідаля Салавей

У ЗША знайшлі нечаканае прымяненне тэхналогіі 4DX, якая раней выкарыстоўвалася пераважна ў баявіках. Цяпер, як піша CNN, з яе дапамогай рамантычныя фільмы ператвараюць у своеасаблівыя атракцыёны.

Фота: Patrick T. Fallon / Bloomberg via Getty Images

Тэхналогія 4DX з'явілася ў амерыканскіх кінатэатрах яшчэ ў 2014 годзе. Яна дазваляе гледачам не толькі бачыць і чуць тое, што адбываецца на экране, але і фізічна адчуваць падзеі фільма. Крэслы могуць хістацца, нахіляцца і вібраваць, а ў зале ствараюцца парывы ветру, распыляюцца вада і розныя пахі.

Раней такія эфекты выкарыстоўвалі пераважна ў дарагіх баявіках, фільмах пра супергерояў і ваенных стужках. Але нядаўна кінапракатчыкі выявілі, што тэхналогія можа прыцягнуць зусім іншую аўдыторыю — аматараў рамантычных гісторый са сцэнамі сэксу.

Усё пачалося з фэнтэзійнай рамантычнай камедыі «Плецены муж» (Wicker) з Алівіяй Колман і Аляксандрам Скарсгардам у галоўных ролях. Паводле сюжэта, рыбачка, якую пагардліва ўспрымаюць аднавяскоўцы, замаўляе мясцоваму майстру мужа, сплеценага з лазы. Незвычайны муж не толькі становіцца яе каханкам, але і выклікае зайздрасць у іншых жыхароў вёскі.

Сцэна з фільма «Плецены муж». Фота: іmdb.com

Пасля выхаду трэйлера, у якім ёсць сцэна сэксу, што заканчваецца зламаным ложкам, у сацыяльных сетках пачалі жартаваць, што фільм абавязкова трэба паказаць у фармаце 4DX. Карыстальнікі ўяўлялі, як крэслы ў кінатэатры будуць паўтараць рухі герояў.

Жартаў аказалася так шмат, што дыстрыб'ютар Black Bear Pictures і паўднёвакарэйская кампанія CJ 4DPLEX, якая распрацоўвае тэхналогію, вырашылі ўвасобіць ідэю ў жыццё. Спецыялісты ў Сеуле падабралі рухі крэслаў і іншыя эфекты да розных эпізодаў фільма, у тым ліку інтымных.

Першапачаткова паказ 28 кастрычніка планаваўся як аднаразовая рэкламная акцыя. Але попыт аказаўся настолькі вялікім, што білеты на сеансы раскупілі яшчэ да іх афіцыйнага анансавання. Відэа з рэакцыямі гледачоў сталі віруснымі ў сацыяльных сетках, фактычна забяспечыўшы фільму бясплатную рэкламу. У выніку паказы працягнуліся на некалькі тыдняў.

Фільм з бюджэтам усяго $10 мільёнаў сабраў у амерыканскім пракаце каля $23 мільёнаў, з якіх прыкладна $1,4 мільёна прыпала на 4DX-сеансы.

Поспех эксперыменту падштурхнуў сетку кінатэатраў Regal паўтарыць яго з папулярным канадскім серыялам «Спякотнае суперніцтва» (Heated Rivalry) пра рамантычныя адносіны двух хакеістаў — канадца Шэйна Холандэра і расіяніна Ільі Разанава.

Сцэна з серыяла «Спякотнае суперніцтва». Фота: іmdb.com

16 лістапада ў 59 кінатэатрах сеткі адбыліся 96 спецыяльных паказаў двух апошніх серый першага сезона. Прыкладна на кожным дзясятым сеансе ўсе білеты былі распрададзеныя.

На адным з такіх паказаў у кінатэатры на Таймс-сквер у Нью-Ёрку пабываў карэспандэнт CNN. Па яго словах, падчас сцэн сэксу крэслы рухаліся ў такт рухам герояў, а ў адным з эпізодаў аральнага сэксу яшчэ і распырсквалася вада. Калі ж дзеянне пераносілася ў марозную Маскву, гледачы адчувалі халодны вецер.

Для многіх наведвальнікаў гэта быў першы досвед прагляду ў фармаце 4DX. Сярод іх пераважалі жанчыны і квір-мужчыны — аўдыторыя, на якую ранейшыя 4DX-паказы, пераважна баявікоў і фільмаў пра супергерояў, звычайна не былі разлічаныя.

Пры гэтым, як расказваюць самі гледачы, іх прыцягвае не столькі магчымасць фізічна адчуць тое, што адбываецца падчас інтымных сцэн, колькі незвычайны спосаб весела правесці час разам з сябрамі і іншымі прыхільнікамі любімых гісторый.

Так жарт у інтэрнэце ператварыўся ў новы кінатрэнд. І, мяркуючы па поспеху першых паказаў, назіраць за сэксам на вялікім экране ў кампаніі незнаёмцаў, калі крэслы пад табой рухаюцца ў такт падзеям, аказалася для многіх нечакана прывабнай забавай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула