БЕЛ Ł РУС

У Івана-Франкоўскай вобласці расійская ракета прабіла дах дома, але не выбухнула ФОТА

20.11.2026 / 18:13

Nashaniva.com

Падчас масаванай расійскай атакі раніцай 20 лістапада ракета трапіла ў прыватны жылы дом каля горада Бурштын Івана-Франкоўскай вобласці Украіны, прабіла дах, але не ўзарвалася. З будынка ўдалося выратаваць двух чалавек, паведамляе «Украінская праўда».

Скрыншот з відэа

У выніку трапляння ракеты пачаўся невялікі пажар, які ліквідавалі ратавальнікі. Пашкоджаны дом знаходзіцца ў сяле Заднястранскае пад Бурштынам. Паводле кіраўніка Бурштынскай грамады Васіля Андрыешына, разбурэнні сур’ёзныя, цяпер ацэньваецца іх маштаб.

Фота: ДСНС

Кіраўніца Івана-Франкоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Святлана Анішчук паведаміла, што ў выніку атакі пацярпелі жылыя дамы ў дзвюх грамадах вобласці. У Галіцкай грамадзе пашкоджаны шматкватэрны дом, у Бурштынскай — прыватны. Загінулых няма, але двум жыхарам спатрэбілася медыцынская дапамога праз вострую рэакцыю на стрэс.

Фота: Святлана Анішчук

Пасля ранішняга абстрэлу ў Івана-Франкоўскай вобласці працавалі 61 ратавальнік і 20 адзінак спецыяльнай тэхнікі. Акрамя жылых будынкаў, расійскія войскі атакавалі таксама энергетычны аб’ект, дзе ўзнік пажар і быў паранены чалавек.

У ноч на 20 лістапада Расія ажыццявіла масаваную камбінаваную атаку на Украіну, выкарыстаўшы балістычныя і крылатыя ракеты, а таксама рэактыўныя беспілотнікі. Пад ударамі апынуліся, сярод іншых рэгіёнаў, Кіеўская, Харкаўская, Львоўская і Івана-Франкоўская вобласці. У выніку атакі былі загінулыя, а ў шэрагу заходніх рэгіёнаў увялі аварыйныя адключэнні электрычнасці.

Чытайце таксама:

Украіна нанесла ўдар па штабе арміі ў Бярдзянску. Загінулі сямёра вайскоўцаў, у тым ліку сын генерала

Украіна сёння збіла 79 крылатых ракет з 84, але не мае чым збіваць балістыку

Частка Кіева засталася без святла праз масіраваную атаку

Расія нанесла новы масіраваны ракетны ўдар, у Кіеве пашкоджаныя тры масты

Каментары да артыкула