Дзяўчынка з Мінска аддала махлярам сямейны сейф з 50 тысячамі даляраў
Мінскія сілавікі затрымалі двух кур’ераў тэлефонных махляроў і вярнулі ўладальнікам 50 тысяч даляраў, якія аферысты выманілі ў 15‑гадовай школьніцы, паведамляе прэс-служба МУС.
Скрыншот з відэа
Маці дзяўчынкі звярнулася ў міліцыю пасля таго, як дачка стала ахвярай махлярскай схемы. Спачатку ёй патэлефанаваў нібыта прадстаўнік аператара сувязі і пад выглядам падаўжэння дамовы выманіў код з SMS.
Пасля ў месенджары з дзяўчынкай звязаўся чалавек, які выдаваў сябе за сілавіка. Ён заявіў, што ад яе імя махляры нібыта праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі, і, пагражаючы крымінальнай адказнасцю, прымусіў перадаць кур’еру сямейны сейф з 50 тысячамі даляраў.
Міліцыя высветліла асобу першага кур’ера. Ім аказаўся 17‑гадовы навучэнец сталічнага каледжа, якога раней таксама падманулі паводле падобнай схемы. Ён узламаў сейф, пераклаў грошы ў сумку і па інструкцыі куратара пакінуў яе ў лесе. Да гэтага юнак забіраў грошы яшчэ ў двух мінчукоў, якія сталі ахвярамі махляроў, і перадаваў іх праз тайнікі.
Наступным забраць грошы з тайніка павінен быў 18‑гадовы іншаземец, які знайшоў у інтэрнэце падпрацоўку кур’ерам. Ён прыляцеў у Беларусь за кошт наймальніка і пасяліўся ў хостэле, але выканаць заданне не паспеў — яго затрымалі аператыўнікі.
Усе грошы канфіскавалі і збіраюцца вярнуць уладальнікам. Следчыя распачалі крымінальную справу за махлярства.
Чытайце таксама:
Званок сяброўцы выратаваў ад махляроў: мінчанка праверыла падазронае паведамленне
14‑гадовая мінчанка зайшла ў дадатак для знаёмстваў і аддала ўсе сямейныя зберажэнні
«Чат пераносіцца ў новую групу». Карыстальнікаў Telegram папярэджваюць пра новы хітрык махляроў