Памёр мастак Юрый Несцярук
19 лістапада ў 69 гадоў памёр магілёўскі мастак Юрый Несцярук, паведамляе Magilev.by.
Юрый Несцярук на фоне сваіх твораў. Фота: Magilev.by
Юрый Несцярук нарадзіўся 12 кастрычніка 1957 года ў Стоўбцах.
У 1976 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, а ў 1981 годзе — аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), дзе вучыўся ў такіх майстроў, як Гаўрыла Вашчанка, Алег Хадыка, Уладзімір Стальмашонак і Анатоль Бараноўскі.
Юрый Несцярук працаваў у станковым і манументальным жывапісе, графіцы і скульптуры, часта звяртаючыся да тэм беларускай гісторыі, традыцый, часу і філасофскага асэнсавання рэчаіснасці.
Сярод найбольш вядомых твораў: «Крыж у Давыд-Гарадку», «Сон палешука», «Мост на Гарыні», «Дарогамі Скарыны. Вільня», «Марыянеткі», «Мірскі замак», «Трансфармацыя». Таксама ён аўтар вітражоў «Музыкант» (у Крычаве) і «Беларускія асветнікі» (у Магілёўскім інстытуце развіцця адукацыі), аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі са шкла і металу ў магілёўскім Палацы шлюбу, мазаічнага пано на фасадзе Магілёўскай гарадской бальніцы № 1.
Адной з самых адметных аўтарскіх канцэпцый Юрыя Несцерука стала серыя «Вясковы супрэматызм», дзе мастак спалучаў пазнавальныя народныя вобразы і формы з сучасным мастацкім кантэкстам. Персанальная выстава пад гэтай назвай прайшла ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава ў лютым—сакавіку 2026 года.
З 1988 года быў сябрам Беларускага саюза мастакоў (у 1995—2000 гадах узначальваў яго Магілёўскую абласную арганізацыю), а з 2013 года — сябрам Беларускага саюза дызайнераў. З 2002 года выкладаў на аддзяленні дызайну ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.
У выставачнай дзейнасці браў удзел з 1980 года, быў удзельнікам міжнародных пленэраў у Польшчы, Францыі і Мексіцы, а яго выставы праходзілі ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Францыі і Партугаліі. Яго работы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага гістарычнага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску, Музея Марка Шагала ў Віцебску і Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава.
Чытайце таксама:
Памерла Ганна Садоўская — дзяячка польскай супольнасці ў Ваўкавыску