«Першы нумар маленькай газеткі зрабіў шмат шуму на Белай Русі і ў суседстве з ёю». Пра што пісала «Наша Ніва» ў першых нумарах 120 гадоў таму
23 лістапада 2026 года спаўняецца 120 гадоў з выхаду першага нумара віленскага тыднёвіка. Дзесяць дэбютных выпускаў спалучылі барацьбу за справядлівасць, родную мову і ўніверсітэт, выкрыццё выбарчых махінацый і паведамлялі пра вялікія і дробныя падзеі ад Мікалаеўшчыны да Дзісны, ад Бельска да Нававільні.
Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў і вокладка аднаго з першых лацінаграфічных нумароў «Нашай Нівы». Калаж: Наша Ніва. Партрэтнае фота каларызавана і палепшана з дапамогай ШІ
Першы нумар «Нашай Нівы» выйшаў у свет 10 лістапада — або 23 лістапада паводле новага стылю — 1906 года на васьмі старонках. Падзагаловак вызначаў фармат выдання: «Першая беларуская газета з рысункамі», якая выходзіць раз на тыдзень «польскімі і рускімі літарамі».
Кантора і рэдакцыя размясціліся ў Вільні на Вялікай Пагулянцы (цяпер — вуліца Басанавічуса) у доме №17, кватэры 20, а друкаваў выданне Марцін Кухта на Дварцовай вуліцы, у доме №4 (цяпер — Універсітэцкая). Побач з рэдакцыяй падпіску і продаж у Вільні адразу ўзялі на сябе кнігарня «Знание» на Георгіеўскім праспекце (цяпер — праспект Гедыміна) і літоўская кнігарня Марыі Пясецкай-Шлапялене на Дамініканскай вуліцы, у доме №13, якая стала адным з галоўных легальных апорных пунктаў беларускага друку і ўжо ў 1907 годзе перажыла паліцэйскі ператрус за продаж забароненых твораў Цёткі (Алаізы Пашкевіч — і жонкі Сцяпонаса Кайрыса, аднаго з лідараў літоўскіх сацдэмаў).
Была дарагой для сялян, але яе ўсё роўна выпісвалі
Паасобны нумар прадавалі па 5 капеек, радок рэкламы дробным шрыфтам на апошняй старонцы каштаваў 20 капеек, а гадавая падпіска з дастаўкай да хаты абыходзілася ў 3 рублі — або 2 рублі 40 капеек без дастаўкі і 4 рублі за мяжу.
Наколькі адчувальнай была гэтая сума для тагачаснага вясковага чытача, паказваюць карэспандэнцыі з тых жа першых выпускаў самой «Нашай Нівы»: увосень 1906 года ў маёнтку князя Чацвярцінскага ў Жалудку Лідскага павета жанчынам за поўны дзень капання бульбы на ўласных харчах плацілі па 30 капеек, а пад Брэстам напярэдадні Новага года памешчыкі замест страйкуючых мясцовых батракоў наймалі парабкаў з-за Буга за 30 рублёў на год.
Выпісаць беларускую газету на год азначала аддаць заробак за дзесяць дзён капання панскай бульбы або дзясятую частку гадавога грашовага заробку батрака.
Тыднёвік «Наша Ніва» друкаваўся адразу ў дзвюх версіях — лацінкай і кірыліцай, што ўскладала друкарскія выдаткі на выданне. Фота: Wikimedia Commons
Калі на пачатку снежня чытач Усцін з вёскі Буканосава Магілёўскай губерні паскардзіўся ў рэдакцыю, што казённыя рускамоўныя выданні «Сельский вестник» і «Дружеские речи» каштуюць значна танней, рэдакцыя ў рубрыцы «Паштовая скрынка» патлумачыла эканоміку незалежнага медыя:
урадавыя газеты фінансуюцца з дзяржаўнай казны, тады як «Наша Ніва» не мае з уладамі нічога супольнага, жыве толькі з падпіскі і нясе падвойныя друкарскія выдаткі на выданне ў дзвюх графіках — кірыліцай і лацінкай, «каб чыталі яе ўсе беларусы, хто як умее».
Пахавалі «Нашу Долю», каб нарадзіць «Нашу Ніву»
Новы тыднёвік паўстаў з крызісу і паліцэйскага разгрому сваёй папярэдніцы. У перадавіцы дэбютнага нумара выдаўцы згадалі «Нашу Долю», якая «бліснула, як маланка, і згінула дзесьці», а праз тыдзень падрабязна раскрылі хроніку канфлікту.
Пасля чатырох вераснёўскіх нумароў і шматлікіх канфіскацый «Нашай Долі» яе фактычныя стваральнікі — браты Іван і Антон Луцкевічы ды Алаіза Пашкевіч — парвалі з намінальным выдаўцом, віленскім мешчанінам Іванам Тукеркесам.
Скарыстаўшыся ягоным ад’ездам за мяжу, рэдакцыя абвясціла ў чацвёртым нумары пра закрыццё газеты, але Тукеркес праз віленскі штодзённік «Северо-Западный голос» ад 19 кастрычніка заявіў, што выдання не спыняў і працягвае збіраць грошы з падпісчыкаў.
Праз два дні былыя супрацоўнікі ў той жа газеце публічна адмовіліся працаваць з ім і запусцілі «Нашу Ніву», аформіўшы першае пасведчанне на беспрацоўнага ляснічага Зыгмунта Вольскага — пра хуткі выхад тыднёвіка пад ягоным імем яшчэ 1 лістапада паведаміў афіцыйны «Варшавский дневник», а следам і варшаўская газета «Ludzkość».
Першы нумар «Нашай Нівы» выйшаў у Вільні 10 лістапада 1906 года паводле старога стылю і каштаваў 5 капеек. Фота: Wikimedia Commons
Калі ж 14 лістапада, праз чатыры дні пасля выхаду першага нумара «Нашай Нівы», Тукеркес выступіў з лаянкай на яе адрас у віленскай кадэцкай газеце «Свободное слово», рэдакцыя адказала адным сказам: «З людзьмі некультурнымі не хочам мець ніякага інтарэсу».
Кропку ў гісторыі папярэдніцы паставіў дзясяты па ліку выпуск «Нашай Нівы» — № 3 ад 19 студзеня 1907 года. Ужо без ранейшай крыўды газета надрукавала падрабязны рэпартаж з Віленскай судовай палаты за подпісам Марцін — адным з псеўданімаў Якуба Коласа.
На працэсе 12 студзеня пракурор абвінаваціў Івана Тукеркеса ў закліках да звяржэння дзяржаўнага ладу і ўсталявання сацыялізму — «таварыства паміж людзьмі», — а таксама ў абразе кубанскіх казакоў на Валыні, названых у допісе «чужынцамі».
Выкліканы ў залу чыноўнік-перакладчык Пчолка пераклаў беларускі выраз «здзірства паноў» рускім словам «разбой», ператварыўшы скаргу на панскую эксплуатацыю ў заклік «разбоямі ісці проціў разбою». Хоць прысяжны адвакат Тархаўскі, які сам не быў беларусам, праз польскі адпаведнік zdzirstwo даказаў маніпуляцыю перакладчыка і патлумачыў, што «чужынцы» азначаюць проста чужаземцаў, старшыня суда пахваліў Пчолку як чалавека, «у мовах вельмі вучонага». Старанне абаронцы, як іранічна заўважыў Колас, дапамагло падсуднаму «выцягнуць яго з бяды, як той кашаль у хваробе»:
Тукеркеса прысудзілі да аднаго года зняволення ў крэпасці, а «Нашу Долю» закрылі назаўсёды, пасля чаго яе выдавец неўзабаве ўцёк ад турмы ў Парыж.
Сама ж «Наша Ніва» ў праграмным маніфесце першага нумара заявіла, што не пойдзе шляхам вузкакласавай агітацыі і не будзе служыць «толькі ці панам, ці адным мужыкам», а стане агульнанацыянальнай трыбунай для «ўсяго беларускага скрыўджанага народу», каб людзі «зразумелі, што яны беларусы і людзі».
Замест барыкадных заклікаў рэдакцыя выбрала формулу: «няхай халодны розум моцна трымае ў сваіх руках гарачае сэрца».
На першай паласе другога нумара ад 17 лістапада 1906 года гравюра руін Навагрудскага замка з гістарычным нарысам Івана Луцкевіча суседнічала з адказам рэдакцыі крытыкам, якія называлі беларускую мову «мёртвым языком». Фота: Wikimedia Commons
Ужо праз тыдзень пасля старту, у другім нумары ад 17 лістапада, газеце давялося трымаць удар адразу з двух бакоў — ад польскіх і расійскіх апанентаў.
«Першы нумар нашай маленькай газеткі зрабіў шмат шуму ў нас на Белай Русі і ў суседстве з ёю. З розных старон даляцелі крыкі, што газетка, выдаваная па-беларуску, саўсім непатрэбна, што гэту газетку лепей было б выдаваць, як адны кажуць — па-польску, другія — па-расейску, бо беларускі язык, кажуць, — язык мёртвы, яго не варта падымаць з магілы», — пісала рэдакцыя на першай старонцы.
Выдаўцы адзначылі, што маглі б выпускаць газету хоць па-польску і па-расейску, хоць па-нямецку або па-французску, але свядома абралі «тутэйшую» беларускую мову, бо ёю гаворыць каля 10 мільёнаў чалавек, а разумеюць яе і чыноўнік, і той памешчык, які цягне грошы з беларускіх маёнткаў ды едзе бавіць час за мяжу.
У канцы снежня да гэтай спрэчкі вярнуўся Якуб Колас пад псеўданімам Дзядзька Карусь. Звяртаючыся да зрусіфікаванай і спольшчанай мясцовай інтэлігенцыі, якой роднае слова «рэжа вушы», ён адказаў афарызмам:
«Што раз памёрла, тое больш не жыве. А што жыве, тое не памёрла. Не называйце ж беларускай мовы «мёртваю моваю».
Папракнуўшы адукаваных землякоў, што яны «ставяць свечку Богу і моляцца чорту», Колас скончыў артыкул з’едлівым намёкам на помнік віленскаму генерал-губернатару Міхаілу Мураўёву-вешальніку, пастаўлены ў Вільні ў 1898 годзе: «Не стае яшчэ толькі таго, каб паехалі вы ў Вільню і сталі там на калені прад адным памятнікам».
Менавіта ў снежні 1906 года, пачынаючы з пятага нумара, кіраўніцтва газетай перайшло ад часовага Зыгмунта Вольскага да 32‑гадовага Аляксандра Уласава — былога студэнта Рыжскага політэхнічнага інстытута, гаспадара фальварка Мігаўка пад Радашковічамі і абранага ў студзені 1906 года члена Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, які застанецца афіцыйным рэдактарам-выдаўцом «Нашай Нівы» да мая 1914 года.
У студзені 1907‑га рэдакцыя двойчы ахвяравала нават фірмовымі ілюстрацыямі дзеля эканоміі месца пад выбарчыя навіны, а на апошніх старонках размясціла рэкламу пецярбургскага марксісцкага часопіса «Вестник Жизни», агранамічнага выдання «Рациональное удобрение» і віленскага сацыял-дэмакратычнага тыднёвіка «Наша Трибуна» з канторай на Завальнай вуліцы (па-літоўску цяпер: Pylimo), куды пазней пераедзе і сама «Наша Ніва».
Выбары
Палітычны нерв усіх дзесяці выпускаў круціўся вакол выбараў у Другую Дзяржаўную думу, прызначаных на 6 лютага 1907 года. Пасля разгону Першай думы царскі ўрад не наважыўся адразу мяняць выбарчы закон, але пачаў масава чысціць спісы выбаршчыкаў праз казуістычныя «раз’ясненні Сената».
Права голасу пазбавілі вечных чыншавікоў, дробных уласнікаў купленай па-за надзелам зямлі, пераселеных у Беларусь і Літву старавераў і ніжэйшых чыгуначных служачых. У лістападзе газета апублікавала статыстыку гэтай зачысткі па імперыі: ва Уманскім павеце з 4777 дробных землеўласнікаў у спісах пакінулі толькі 700, у Чарнігаўскім з 12 тысяч засталося 6 тысяч, у Зянькоўскім колькасць выбаршчыкаў зрэзалі на 95% — да пяці чалавек са ста, ва Уладзімірскай губерні з 400 чыгуначнікаў права голасу захавалі 80, а ў Мінскай губерні спісы дробных гаспадароў скараціліся напалову.
На беларускіх землях перадвыбарчая кампанія суправаджалася адміністрацыйным ціскам і канфесійным расколам.
З Мазырскага Палесся карэспандэнт пад псеўданімам Крапіва паведамляў пра рассылку чарнасоценных пракламацый за подпісамі мінскіх актывістаў Чыгірава, Шміта і былога дэпутата Першай думы Сцяпана Гатоўчыца, якія пужалі сялян, быццам прыхільнікі краёвай аўтаноміі хочуць вярнуць прыгон.
У Заслаўі 21 лістапада ў царкве святара Ільі Фралова пасланец мінскага архірэя пасля набажэнства пусціў на клірас 70‑гадовага старога з беларускімі вершыкамі супраць Першай думы, а затым раздаў ля храма і на рынку тыя самыя лісткі Гатоўчыца. Аўтар пад псеўданімам Ясь з Васілішак прыгадваў былому дэпутату ад Лідскага павета Гатавецкаму, як той браў у Думе па 10 рублёў сутачных і маўчаў «як немка», а Паўлюк Бусел з Бабруйскага павета на пачатку студзеня 1907 года выступіў з маніфестам надканфесійнай еднасці:
«Мы ўсе — браты адной крыві і з адной зямлі беларускай. Мы не рускія і не палякі, а беларусы, і кожны гэта павінен памятаць. Хто кажа, што чалавек, калі ён праваслаўны, значыць веры рускай і павінен быць рускім, той брэша».
Тым не менш, на студзеньскіх павятовых з’ездах дробных землеўласнікаў рэдакцыя зафіксавала правал: у Вілейцы 42 праваслаўныя і 30 католікаў не здолелі падзяліць месцы і католікі пакінулі залу; у Люцыне Віцебскай губерні большасць мелі католікі і не прапусцілі ніводнага праваслаўнага; і толькі ў мястэчку Красным Віленскага павета ўпаўнаважаных выбралі прапарцыйна — двух католікаў і чатырох праваслаўных.
Сярод гарадоў галоўнай палітычнай пляцоўкай стаў Менск. У снежні газета паведаміла пра стварэнне ў горадзе перадвыбарчай кааліцыі эсэраў, сацыял-дэмакратаў, Бунда і Беларускай сацыялістычнай грамады, а ў студзені надрукавала ўзгоднены спіс сямі прагрэсіўных менскіх кандыдатаў у выбаршчыкі, якіх супольна падтрымалі беларусы, палякі і яўрэі: навуковага агранома Сяргея Скандракова, адваката Казіміра Петрусевіча, памочніка адваката Эдмунда Івашкевіча, кандыдата гандлёвых навук Ілью Горчыка, тэхніка-будаўніка Майсея Гурвіча, кандыдата права Айзіка Гурвіча і доктара Віктара Гершуні.
На шумным перадвыбарчым сходзе гарадскіх выбаршчыкаў у Менску 14 студзеня адзін з прамоўцаў выступіў па-беларуску, што выклікала захапленне залы.
Там жа паведамлялася пра перамогу страйку менскіх цырульнікаў, якім кіравала Беларуская сацыялістычная грамада: майстры дабіліся штогадовага тыднёвага адпачынку, скарочанага працоўнага дня ў суботу для яўрэяў і ў нядзелю для хрысціян, павышэння заробку на 5-15%, пералічэння штрафаў на агульныя патрэбы і даплаты 75 капеек за кожны выхад на грым у тэатрах.
Грошы на сілавікоў
Паралельна з выбарамі газета раскладала сілавы бюджэт Расійскай імперыі.
Пры агульным дзяржаўным роспісе выдаткаў звыш 2,5 мільярда рублёў фінансаванне паліцыі ў Расійскай імперыі вырасла з 4 мільёнаў рублёў у 1880 годзе да 27 мільёнаў пры міністру Вячаславу Плевэ і перавысіла 50,5 мільёна ў праекце на 1907 год,
а з новага прыросту выдаткаў на 64,5 мільёна рублёў 44,5 мільёна пайшло толькі на працэнты па замежных пазыках і яшчэ звыш 8 мільёнаў — на жандармаў, пагранічную варту і конных стражнікаў.
У першым нумары за 1907 год газета апублікавала параўнальную табліцу гарадскіх выдаткаў на паліцыю і адукацыю ў разліку на аднаго жыхара: у Вільні на паліцыю трацілі 52 капейкі супраць 6 капеек на школы, а ў Слоніме — 35 капеек супраць 1 капейкі. Фота: Wikimedia Commons
Са спасылкай на «Известия Псковской городской думы» газета паказала гарадскія выдаткі ў разліку на аднаго жыхара:
у Вільні на паліцыю ішло 52 капейкі супраць 6 капеек на вучылішчы, у Слоніме — 35 капеек супраць 1 капейкі, у Коўне — 28 капеек супраць 2 капеек.
Побач друкавалася статыстыка крывавага супрацьстаяння ў імперыі: 443 расстраляныя і павешаныя па прысудах ваенна-палявых судоў і падлік з выдання «Перелом» — 2110 забітых генералаў, губернатараў, паліцэйскіх і фабрыкантаў супраць 32 706 забітых з народа. Стужку дапаўнялі паведамленні пра напад 40 баевікоў на паштовы цягнік у польскім Рагове, бомбавы замах на былога маскоўскага генерал-губернатара адмірала Фёдара Дубасава ў Таўрычаскім садзе, забойствы омскага генерал-губернатара Літвінава, пецярбургскага граданачальніка Уладзіміра фон дэр Лаўніца і галоўнага вайсковага пракурора Уладзіміра Паўлава, а таксама лакаўт у Лодзі, дзе фабрыканты выкінулі на вуліцу 100 тысяч рабочых.
Галасы «з-за мяжы»
Міжнародная хроніка расказвала пра першыя канстытуцыі ў Чарнагорыі і Персіі, стварэнне міністэрства працы ў Францыі на чале з сацыялістам Рэнэ Віўяні, галодныя бунты ў Кітаі і падрыхтоўку Японіі да новай вайны за Маньчжурыю.
Сапраўднай жамчужынай замежнага аддзела сталі два сатырычныя фельетоны ў рубрыцы «Загранічнае рэха» з пазнакай «ад уласнага карэспандэнта» за подпісам Марціна з-за Рэчкі — пад гэтай маскай «замежнага рэпарцёра» з Берліна і Кёнігсберга выступаў Якуб Колас, які ўзімку 1906—1907 гадоў пасля звальнення за нелегальны настаўніцкі з’езд жыў на Панямонні і ні ў якую Прусію не выязджаў.
У снежаньскім лісце, датаваным Берлінам, Колас пераказаў паводле газетных тэлеграм каланіяльны скандал у Германіі праз беларускі вясковы фальклор: параўнаўшы расійскую авантуру ў Маньчжурыі з павер’ем пра жабу-варопуху, якая па начах ссала панскую карову, пакуль не лопнула, ён апісаў расправы германскіх афіцэраў і губернатара графа Путкамера над афрыканцамі так, «як пан Тукала на полі зайцоў ды лісоў страляць вучыўся», і паведаміў пра роспуск Рэйхстага кайзерам Вільгельмам II пасля адмовы дэпутатаў даць канцлеру Бернгарду фон Бюлаву яшчэ 30 мільёнаў марак — 15 мільёнаў рублёў — на карную экспедыцыю.
Канстанцін Міцкевіч, вядомы пад псеўданімам Якуб Колас — але гэта далёка не адзінае імя, пад якім ён выступаў у першых выпусках «Нашай Нівы». Фота: Wikimedia Commons
А ў студзеньскім працягу з «Кенігсберга-Караляўца ў Прусах» Колас ужо адкрыта ператварыў «нямецкія» нататкі ў эзопаву містыфікацыю: спаслаўшыся на свой папярэдні ліст пра разгон Рэйхстага, пад шыльдай «нямецкага царства» і «нямецкай Палаты» ён высмеяў разгон расійскай Першай думы, уцёкі дэпутатаў-трудавікоў у Фінляндыю, арышт 20 парламентарыяў паводле 129‑га артыкула, сваволю земскіх начальнікаў ды станавых прыставаў і
прапанаваў міністрам замест новых выбараў адправіць у Думу земскага начальніка, паліцэйскага стражніка і вясковага знахара-шаптуна з бутляй нагаворанай вады, бо «страх як баіцца старога ўсялякая свабода і нячыстая сіла».
Патрабаванне зямельнай рэформы і краёвага сойма ў Вільні
Эканамічны падмурак беларускага руху ў першых дзесяці нумарах заклалі дзве вялікія серыі артыкулаў. У снежні 1906 года ў трох выпусках запар пад псеўданімам Войцех, за якім стаяла ідэалагічнае ядро рэдакцыі на чале з Антонам Луцкевічам і Аляксандрам Уласавым, выйшаў трактат «Зямельная справа ў Беларусі».
Канстатаваўшы адсутнасць у краі вугальных шахт і буйной металургіі, аўтар паказаў маштаб сельскага перанасялення: у шэрагу мясцін Віленскай губерні без зямлі жылі 25 хат са ста, а ў Бельскім павеце каля 70% гаспадароў мелі па палове або восьмай частцы надзела, ад чаго свайго хлеба хапала толькі да лютага, а далей сяляне жылі з грыбоў, ягад і продажу крадзенага казённага лесу.
Галоўнай бядой вёскі Войцех назваў «шахаўніцу» — цераспалосіцу, калі гаспадарка парэзана на дзясятак вузкіх палосак шырынёй у паўсажня, на якіх «чуць месціцца баран», сенажаці ляжаць за 17 вёрст ад вёскі, пад межамі і разорамі прападае восьмая частка зямлі, а далёкія палеткі без гною ў Бярштах Гродзенскага павета родзяць усяго па паўтара зерня.
На прыкладзе меліярацыйных каналаў у Галандыі тыднёвік даказваў, што пры ліквідацыі цераспалосіцы і агранамічнай адукацыі нават паўдзесяціны зямлі здольныя забяспечыць сялянскую сям’ю. Фота: Бібліятэка Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх / Wikimedia Commons
Гаспадарку дадаткова душылі сервітутныя пасткі — на прыкладзе маёнтка графа Тышкевіча ў Мінскай губерні паказвалася, як памешчыкі праз хітрую нарэзку лесасек перакрывалі сялянскай жывёле прагон да вады і пашы, — а таксама ўведзеная пасля паўстання 1863 года забарона асобам «польскага роду» і яўрэям набываць зямлю, ад чаго рынак замер, а капітал і адукаваныя людзі ўцякалі з краю ў Польшчу, Расію і Амерыку.
У фінале трактата Войцех сфармуляваў пяць патрабаванняў для будучых дэпутатаў Думы: свабодны гандаль зямлёй, ліквідацыя шахаўніцы і сервітутаў з ільготнымі дзяржаўнымі крэдытамі на хутарызацыю, стварэнне ўсесаслоўнай воласці і краёвага сейма ў Вільні, замена ўскосных падаткаў на цукар, гарбату, газ, жалеза і запалкі прагрэсіўным падаткам на прыбыткі і бясплатная адукацыя на роднай мове.
Мары пра Віленскі ўніверсітэт з выкладаннем па-беларуску і па-літоўску
Алаіза Пашкевіч падымала ў першых нумарах праблему навучання беларускіх дзяцей на роднай мове. Фота: Wikimedia Commons
Тэма школы ішла ўшчыльную з зямельнай. Ужо ў першым нумары Алаіза Пашкевіч пад псеўданімам Мацей Крапіўка патлумачыла, чаму сельскія дзеці ў казённай школе сядзяць «як баран» і праз два гады пасля выпуску забываюць грамату: іх прымушаюць вучыць літары адразу на чужой рускай мове.
Таму ў Мінскай губерні на кожную сотню жыхароў застаецца каля 80 непісьменных супраць 97 пісьменных у Японіі.
Спаслаўшыся на запавет Францішка Багушэвіча — Мацея Бурачка, што «гаворка, язык і ёсць адзежа душы», яна заклікала бацькоў вучыць дзяцей па першых беларускіх лемантарах.
У снежні гэтую лінію працягнуў Якуб Колас у дзвюх частках цыкла «Беларуская народная школа», падпісаўшы першую псеўданімам Янка Белы, а другую — Дзядзька Карусь: ён прапанаваў ствараць прыватныя школьныя камітэты на ўзор польскага таварыства «Macierz Polska»
і апісаў, як сістэма высмейвання роднага слова ў пачатковых школах і настаўніцкіх семінарыях ламае псіхіку сялянскіх дзяцей.
Пры канцы снежня 1906 года газета адхіліла ідэю пераводу ў Мінск рускіх прафесараў Варшаўскага ўніверсітэта і запатрабавала аднавіць Віленскі ўніверсітэт з выкладаннем на пяці мовах краю. Фота: Бібліятэка Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх / Wikimedia Commons
Пра тое, што адбывалася за сценамі казённых навучальных устаноў, сведчылі рэпартажы саміх навучэнцаў. У лістападзе і снежні газета надрукавала серыю допісаў пра бунт у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі супраць дырэктара Гадыцкага-Цвіркі, які ператварыў установу ў «арыштанцкую роту», лаяўся як п’яны рамізнік і біў нават настаўнікаў, пакуль следам за семінарыстамі не забаставалі вучні другога і трэцяга аддзяленняў пачатковага вучылішча, патрабуючы спыніць біццё і цяганне за вушы.
Хваляванні ахапілі таксама Свіслацкую семінарыю, а ў студзені 1907 года — псіхіятрычны шпіталь у Нававілейску (цяпер — Нававільня), дзе санітары і дактары запатрабавалі васьмігадзіннага працоўнага дня замест дванаццацігадзіннага, пасля чаго адміністрацыя выклікала войскі і звольніла 150 служачых.
Адначасова газета ўзняла пытанне вышэйшай школы. Калі ў канцы снежня рускія прафесары закрытага праз студэнцкі байкот Варшаўскага ўніверсітэта паспрабавалі дабіцца пераводу сваёй установы ў Менск, Смаленск або Саратаў, менскі карэспандэнт «Нашай Нівы» выступіў катэгарычна супраць: краю патрэбны не варшаўскія «абрусіцелі», ад якіх адмовіліся польскія студэнты, а аднаўленне Віленскага ўніверсітэта, закрытага Мікалаем I у 1832 годзе, з выкладаннем на ўсіх мясцовых мовах — расійскай, польскай, беларускай, літоўскай і яўрэйскай.
Побач адсочваліся і моўныя спрэчкі ў касцёлах: у вёсцы Корань Барысаўскага павета бацькі-католікі забралі дзяцей са школы, калі замест ксяндза ім прыслалі праваслаўнага святара з Гайны,
а ў студзені 1907 года рэдакцыя з натхненнем паведаміла пра цыркуляр Папы, які загадаў каталіцкім біскупам у Расійскай Імперыі прамаўляць казанні і вучыць катэхезу на родных мовах парафіян — у тым ліку па-беларуску.
З усіх старон
Найбольш чытанай часткай тыднёвіка былі карэспандэнцыі з паветаў у рубрыках «З Беларусі і Літвы» ды «З усіх старон». Частка з іх фіксавала адкрытыя крывавыя сутыкненні сялян з паліцыяй.
У пачатку снежня апісвалася пабоішча на Пакроўскім кірмашы ў мястэчку Жыровічы Слонімскага павета: паліцыя пачала круціць двух п’яных мужыкоў, якія ціха спявалі на рынку, і ўдарыла па твары мясцовага жыхара Доўгу, які за іх заступіўся, а калі натоўп пачаў абурацца, стражнікі пусцілі ў ход бізуны і шаблі — людзям адсякалі вушы і насы, ламалі рукі, аднаму селяніну распаролі жывот, у адказ на што кірмашоўцы схапілі паліцэйскага асэсара і збілі яго да смерці.
Адзіны вядомы праект касцёла ў Зэльве датуецца 1908 годам. Годам раней вакол будаўніцтва касцёла ў мястэчку разыгралася крывавая драма. Фота: Wikimedia Commons
Яшчэ больш жорсткая трагедыя разыгралася 2 студзеня 1907 года ў Зэльве Ваўкавыскага павета: калі праваслаўны святар вырашыў перабудаваць пад царкву недакончаны мураваны касцёл, якога дамагаліся былыя ўніяты, і накіраваў 50 фурманак з каменем, грамада католікаў перагарадзіла дарогу, пасля чаго прыстаў са стражнікамі адкрылі агонь — шэсць чалавек загінулі на месцы, у тым ліку франтавік руска-японскай вайны, якога застрэлілі праз акно ўласнай хаты, а з больш чым 15 параненых шасцёра памерлі на наступны дзень.
На фоне гэтых рэлігійных канфліктаў рэдкім выключэннем выглядаў прысуд Віленскага акруговага суда ў Дзісне, які апраўдаў лужскага ксяндза Шалкоўскага за вянчанне ў лютым 1906 года праваслаўнага Віктара Каснікоўскага з каталічкай Стэфкай Палынскай, прызнаўшы, што шлюб адбыўся пасля царскага маніфеста аб свабодзе сумлення і да сенацкага абмежавання ад 14 сакавіка.
Асобную сюжэтную лінію ўтварылі допісы Якуба Коласа пад псеўданімам Мікалаевец з роднай Мікалаеўшчыны Мінскага павета. У снежні ён апісаў галодную вёску, дзе хлеб з’елі яшчэ з восені, дзеці б’юцца за скарынку, у хляве стаіць апошняя худая кароўка, а «растуць, як грыбы ў дождж, крыжы на магілках».
А ў студзені 1907 года паведаміў пра лёс мясцовага настаўніка Аляксандра Сянкевіча — свайго найбліжэйшага сябра і прататыпа Алеся Садовіча ў будучай трылогіі «На ростанях», разам з якім яны ў ліпені 1906 года правялі ў Мікалаеўшчыне нелегальны настаўніцкі з’езд: ратуючыся ад паліцыі, Сянкевіч паспеў уцячы ў Амерыку.
Адкуль ён вернецца толькі пасля рэвалюцыі 1917 года і стане наркамам аховы здароўя БССР, тады як самога Коласа ў 1908 годзе за гэты ж з’езд асудзяць на тры гады зняволення ў менскім Пішчалаўскім замку.
На месца ўцекача дырэкцыя прыслала ў Мікалаеўшчыну чарнасоценнага настаўніка Яську Сатыгу, які прывёз абярэмак абразоў і партрэтаў Іаана Кранштацкага па 12 капеек, граў на гармоніку «падобным да кавальскага меха» і палохаў дзяцей пеклам, на што вяскоўцы адказвалі кпінамі:
«Сатыга навучыць нас гаварыць пацеры, і мы на тым свеце выратуем вас, адкуль хочаце, хоць са смалы будзе відаць толькі пяць вашых валаскоў або кавалачак лысінкі».
Вацлаў Іваноўскі пад псеўданімам Вацюк Тройца ў студзені 1907 года паставіў у прыклад усёй Беларусі пяцярых сялян з вёскі Банюкі Лідскага павета, якія стварылі кааператыў і купілі племяннога галандскага бугая. Фота: Wikimedia Commons
Дурніца прайшла
Галоўным жа зрухам, які фіксавалі карэспандэнты, стаў распад векавой сялянскай пакорлівасці і пачатак нізавой самаарганізацыі. У мястэчку Раманаве Слуцкага павета мужыкі адбілі ў паліцэйскага ўрадніка прыезджага агітатара-сацыяліста, наклаўшы ўрадніку за каўнер, а праз два дні дручкамі прагналі цэлы атрад паліцыі.
У Ігуменскім павеце, як пісаў аўтар Бусел, сяляне перасталі скідаць шапкі за вярсту перад чыноўнікамі і цалаваць рукі святарам, тлумачачы гэта кароткай фразай: «Бо ўжо дурніца прайшла».
У Кленіках Бельскага павета валасны сход адмовіўся плаціць заробкі хабарнікам-суддзям і ўрэзаў пенсію пісару напалову. У Пружанскім павеце 68 гаспадароў з 1260 дзесяцінамі зямлі самі пастанавілі перайсці з шахаўніцы на хутары, а ў вёсцы Банюкі Лідскага павета пяць сялян — Казімір і Вінцэнты Каспэры, Людвік і Вінцэнты Кімашэўскія ды Матэвуш Рыбак — стварылі кааператыўную «Банюцкую суполку», набылі супольную спружынную барану і племяннога бугая галандскай пароды, пра што з захапленнем напісаў Вацлаў Іваноўскі, запрасіўшы чытачоў прыязджаць у Банюкі праз станцыю Скрыбава вучыцца новай гаспадарцы.
Замкі Міндоўга і маманты пад Вільняй
У трэцім нумары ад 24 лістапада 1906 года Людвік Качэўскі пад псеўданімам Элька праілюстраваў навукова-папулярны нарыс «Нявідзімыя нашы ворагі» схемай будовы звычайнай плесні пад мікраскопам. Фота: Wikimedia Commons
Навукова-папулярны, гістарычны і літаратурны аддзелы газеты з першых тыдняў працавалі на фармаванне сучаснай нацыянальнай культуры. Людвік Качэўскі пад псеўданімам Элька ў першых трох выпусках апублікаваў цыкл «Нявідзімыя нашы ворагі», патлумачыўшы інстынкт захавання віду, паразітызм, вынаходніцтва павелічальных лінзаў і мікраскопа галандцам Антані ван Левенгукам ды будову спор бульбяной гнілі са схематычным малюнкам пад павелічэннем.
А ў чацвёртым нумары той жа Элька змясціў на першай паласе нарыс «Мамант» з гравюрай вымерлага звера, расказаўшы пра эвалюцыю і пра тое, як скандынаўскі ледавік прынёс адшліфаваныя валуны і насыпаў узгоркі вакол Вільні.
Выява маманта на першай паласе чацвёртага нумара ад 2 снежня 1906 года ілюстравала навукова-папулярны артыкул Людвіка Качэўскага пра ледавіковы перыяд і паходжанне рэльефу на беларускіх землях. Фота: Бібліятэка Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх / Wikimedia Commons
Практычную аграномію вёў хімік-тэхнолаг Вацлаў Іваноўскі пад псеўданімам Вацюк Тройца — мянушка паходзіла ад дзіцячай траўмы, праз якую ў яго на руцэ засталося тры пальцы. У снежаньскай серыі «Як правіць сенажаць» ён параўнаў запушчаныя беларускія лугі з «жыдоўскай кабылкай, што не есць, не п’е, а ўсякі яе ганяе», і падрабязна апісаў асушэнне балот, выкарчоўванне кустоў, знішчэнне моху спецыяльнай ланцуговай бараной з асобным чарцяжом, гашэнне вапны ў кошыку «на адно Ойча наш» і закладку кампосту з попелу, апілак і смецця.
У студзені 1907 года дадалася ветэрынарная рубрыка «Пытанні і адказы», дзе гаспадару Тамашу з Горлікаў патлумачылі сімптомы чырвонай хваробы свіней — карбункулавай ружы — і параілі не чакаць знахароў, а неадкладна ізаляваць здаровых жывёл і клікаць ветэрынара.
Ужо ў першым нумары Іван Луцкевіч пад псеўданімам Шчасны пачаў знаёміць чытачоў з гісторыяй старажытных замкаў Панямоння, звязаўшы іх з крывіцкімі князямі і каранацыяй Міндоўга. Фота: Wikimedia Commons
Асаблівы водгук у чытачоў выклікала гістарычнае краязнаўства, якое распачаў ініцыятар выдання Іван Луцкевіч пад псеўданімам Шчасны. У першым нумары ён змясціў гравюру Лішкаўскага замчышча над Нёманам у Сейненскім павеце Сувалкскай губерні (цяпер Варэнскі раён Літвы), патлумачыўшы, што замак быў насыпаны ў палове XI стагоддзя «беларускімі — крывічанскімі, як даўней казалі, князямі — гаспадарамі тутэйшага краю» і што менавіта Лішкава ў XV стагоддзі называлася Навагрудкам.
А ў другім нумары вынес на тытульную старонку гравюру руін замка ў самім Навагрудку са згадкамі пра каранацыю князя Міндоўга на караля Літвы ў 1252 годзе і пра школьныя гады «вялікага песняра нашага краю Адама Міцкевіча».
Гэтыя публікацыі адразу абудзілі нізавы інтэрас да мінуўшчыны і фальклору: у рубрыцы «Паштовая скрынка» на пачатку студзеня 1907 года рэдакцыя раіла чытачу аж са Старадуба на Браншчыне, дзе шукаць у віленскай кнігарні Сыркіна трохтомны «Беларускі зборнік» Еўдакіма Раманава, працы Міхала Федароўскага, Паўла Шэйна і Яна Чачота, а на ліст Янука Белага з Сімны Сувалкскай губерні.
Рэдакцыя прызнавала, што падручніка па гісторыі Беларусі па-беларуску яшчэ не існуе, заклікаўшы навукоўцаў узяцца за яго напісанне — праз тры гады гэты запыт на старонках самой «Нашай Нівы» закрые «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
На апошняй паласе чацвёртага нумара за 1906 год рэкламаваліся першыя кнігі і паштоўкі пецярбургскай суполкі Вацлава Іваноўскага «Загляне сонца і ў наша ваконца», а ў ніжнім радку быў заяўлены хуткі выхад дэбютнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка». Фота: Бібліятэка Літоўскай акадэміі навук імя Урублеўскіх / Wikimedia Commons
Дзевяць абліччаў Якуба Коласа
У літаратурным аддзеле першых дзесяці нумароў галоўнай рухаючай сілай стаў 24‑гадовы Канстанцін Міцкевіч, які выступаў на старонках газеты адразу пад дзевяццю імёнамі.
Пад асноўным псеўданімам Якуб Колас ён надрукаваў вершы «Нёман», «Магілкі», «Дарога», «Моладасць» і «На Новы год» ды лірычны абразок у прозе «Думкі ў дарозе». Адначасова як Тамаш Булава ён апублікаваў сатырычны нарыс пра п’яныя выбары валаснога старшыны пад Пінскам і алегарычную казку «Дудар», як К. Альбуцкі — містычна-бытавое апавяданне «Чорт», як Янка Белы і Дзядзька Карусь — дзве часткі публіцыстычнага цыкла «Беларуская народная школа», як Стары Шут — дыялог «Власць» пра паходжанне ўраднікаў, як Марцін з-за Рэчкі — сатырычныя лісты з Берліна і Кёнігсберга, як Марцін — судовы рэпартаж пра закрыццё «Нашай Долі» і як Мікалаевец — хронікі з роднай Мікалаеўшчыны.
Побач з Коласам у дэбютных выпусках друкаваліся вершы Эдуарда Будзькі пад імем Эдзюк Будзька, Дзядзькі Барадатага, Маркотнага і аўтараў пад крыптанімамі З. К. ды П. Б. К., апавяданне Ластоўкі з-над Пцічы «Квіткі» пра панскія кардонныя талоны замест жывых грошай, навагодняя алегорыя Касы «Зоркі — Анёлы», кірмашовая сцэнка Званара і перакладны нарыс «У ціхім лесе» з часопіса «Топор» пра расстрэл трох латышскіх паўстанцаў карным атрадам нямецкага барона.
Поўнастаронкавая гравюра паводле Артура Гротгера — «На катарзе» — выйшла ў пятым нумары ад 8 снежня 1906 года. Фота: Wikimedia Commons
Візуальны шэраг дапаўнялі дзве поўнастаронкавыя рэпрадукцыі графікі польскага мастака паўстання 1863 года Артура Гротгера — «Пад сценамі турмы» і «На катарзе».
На апошніх палосах тыднёвік рэкламаваў выданні пецярбургскай суполкі Вацлава Іваноўскага «Загляне сонца і ў наша ваконца» — беларускі лемантар Цёткі па 6 капеек у дзвюх графіках, зборнік Янкі Лучыны «Вязанка», падпіску на васьмікніжную серыю твораў Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паштоўкі з хатай Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне і хуткі выхад дэбютнай кнігі «Жалейка» тады яшчэ малавядомага аўтара, падпісанага ў анонсе як Янук Купала.
За першыя дзесяць нумароў, з лістапада 1906 па студзень 1907 года, віленскі тыднёвік выбудаваў устойлівую мадэль нацыянальнага выдання, у якой пратрымаўся амаль дзевяць гадоў да набліжэння германскага фронту ў жніўні 1915 года. Перайшоўшы ад радыкальнай рыторыкі «Нашай Долі» да легальнай працы пад кіраўніцтвам Аляксандра Уласава, газета ахапіла беларусаў ад Сувалкшчыны да Браншчыны, заклаўшы, на зло сваім апанентам, падмурак да ўжо скорага з'яўлення краіны Беларусі.
«Наша Ніва» адродзіцца ў 1991 годзе ў той самай Вільні, у 1996—2021 гадах будзе выдавацца ў Менску, пасля чаго вернецца зноў у Вільню. Трымаемся цвёрда той самай лініі прагрэсу, паступовасці і рэалізму, захоўваем той самы дух беларускасці, застаемся «народным выданнем», для самых шырокіх масаў. І робім усё, каб Беларусь стала свабоднай і незалежнай.