БЕЛ Ł РУС

12‑гадовая дачка бізнэсмена Зінгмана перамагла ў расійскім аналагу дзіцячага «Еўрабачання»

20.11.2026 / 22:48

Арына Жураўская

Прафесійнае журы аддала перамогу ў конкурсе «Наша пакаленне» прадстаўніку Арменіі, а Беларусь яно паставіла на трэцяе месяца. Але дзякуючы галасам гледачоў перамога дасталася Марго Зінгман. Зрэшты, конкурс быў спецыфічны, бо тут дазвалялася галасаваць за сваю краіну.

Марго Зінгман. Скрыншот відэа

Міжнародны дзіцячы песенны конкурс «Наша пакаленне» з'явіўся ў 2023 годзе як альтэрнатыва дзіцячаму «Еўрабачанню». Ініцыятыва сыходзіла ад Расіі, якой праз напад на Украіну забаранілі ўдзельнічаць у прэстыжным тэлевізійным конкурсе (як дарослым, так і дзіцячым).

Сёлета конкурс «Наша пакаленне» прайшоў чацвёрты раз у Ташкенце — удзел у ім прынялі 18 краін. Беларусь прадстаўляла 12‑гадовая дачка Аляксандра Зінгмана.

Бацька Марго — бізнэсмен Аляксандр Зінгман, які займаецца праектамі ў Афрыцы разам з Сяргеем Шэйманам, сынам Віктара Шэймана. Зінгман некалі быў бенефіцыярам бізнэсу па здабычы золата ў Зімбабвэ. У 2021‑м Зінгман правёў некалькі дзён за кратамі ў Конга — яго арыштавалі па падазрэнні ў пастаўках зброі, але вызвалілі.

У сваім інстаграме Марго Зінгман прызналася, што дзеля падрыхтоўкі да конкурсу зусім перастала наведваць школу. Конкурсную песню «Я трымаю далонямі святло» для школьніцы напісаў вядомы расійскі прадзюсар і кампазітар Максім Фадзееў.

Па выніках галасавання прафесійнага журы найбольшую колькасць балаў набраў прадстаўнік Арменіі, а Марго ж была толькі на трэцім месцы. Але пасля агучвання вынікаў галасавання гледачоў сітуацыя змянілася і перамога дасталася Зінгман.

У выніку ў Беларусі набраліся 572 балы, у Арменіі — 566, а ў Мадагаскара — 562. На апошнім месцы апынуўся Кітай са 195 баламі.

Трэба адзначыць, што галасаванне гледачоў адбывалася выключна праз сайт конкурсу. І, у адрозненне ад «Еўрабачання», тут дазвалялася галасаваць і за сваю краіну.

Скрыншоты відэа. Якасць палепшана ШІ

Кар'ера дачкі беларускага бізнэсмена ідзе ў гару ашаламляльнымі тэмпамі. І, відавочна, бацькі ўкладаюць у гэта салідныя сумы грошай.

Марго абдымаецца з Ігарам Крутым, радуецца лайкам ад Лепса ды спявае разам з Максімам Фадзеевым, які бясконца захапляецца яе талентам.

Летась дзяўчынка засвяцілася на тэлевізійных шоу — расійскім «Голас. Дзеці» і беларускім дзіцячым «Фактар.бай» (у апошнім дайшла да суперфіналу і трапіла ў топ-5 найлепшых спевакоў). Яна таксама паўдзельнічала ў расійскай «Дзіцячай Новай Хвалі», дзе ўзяла другую прэмію.

Чытайце таксама:

11‑гадовая дачка блізкага да Шэймана бізнэсмена Аляксандра Зінгмана робіць галавакружную кар'еру спявачкі

Расійскі прадзюсар Макс Фадзееў выпусціў песню пра Беларусь — і праспяваў яе з дачкой бізнэсмена, звязанага з сям'ёй Шэймана

Сын прэзідэнта Зімбабвэ, меркавана, лячыўся ў Беларусі ад наркатычнай залежнасці

Чым займаюцца дзеці Шэймана? Дачка падалася ў эзатэрыку

Каментары да артыкула