БЕЛ Ł РУС

У Атлантычным акіяне імкліва разрастаецца гіганцкі пояс водарасцяў

20.11.2026 / 22:35

Nashaniva.com

У Атлантычным акіяне імкліва павялічваецца гіганцкі пояс саргасавых водарасцяў, які цягнецца ад заходняга ўзбярэжжа Афрыкі да Мексіканскага заліва. У маі 2026 года спадарожнікі зафіксавалі ў ім каля 37,5 мільёна тон гэтых бурых водарасцяў. Яшчэ 15 гадоў таму такога ўтварэння не існавала, паведамляе выданне Futura sciences.

Фота: vecteezy.com

Саргасы раней былі вядомыя пераважна як насельнікі Саргасавага мора, аднак з 2011 года іх масавае размнажэнне ў Атлантыцы амаль штогод узмацняецца. У 2025 годзе пояс дасягнуў рэкорднай працягласці — 8850 кіламетраў, што больш чым удвая перавышае шырыню кантынентальнай часткі ЗША.

Паводле даследавання навукоўцаў з Акіянаграфічнага інстытута Harbor Branch пры Атлантычным універсітэце Фларыды, адна з галоўных прычын такога росту — павелічэнне колькасці пажыўных рэчываў у вадзе, асабліва азоту і фосфару. Эксперыменты паказваюць, што ў багатай на іх вадзе маса саргасаў можа падвоіцца ўсяго за 11 дзён. У перыяд з 1980 да 2020 года ўтрыманне азоту ў тканках водарасцяў павялічылася на 55%, а суадносіны азоту і фосфару — на 50%.

Пажыўныя рэчывы трапляюць у акіян як з глыбінных вод, так і з сушы — разам з сельскагаспадарчымі сцёкамі, каналізацыйнымі водамі і атмасфернымі ападкамі. Значную ролю адыгрывае Амазонка: падчас паводак яна прыносіць у Атлантыку вялікую колькасць рэчываў, якія спрыяюць размнажэнню водарасцяў, а ў перыяды засухі гэты працэс запавольваецца. Далей цячэнні, у тым ліку Гальфстрым, пераносяць саргасы, фармуючы вялізныя скапленні ў Мексіканскім заліве.

Самі па сабе саргасавыя водарасці маюць важнае значэнне для марской экасістэмы: яны служаць асяроддзем для жыцця больш як сотні відаў рыб, бесхрыбетных і марскіх чарапах. Аднак празмернае іх размнажэнне стварае сур'ёзныя экалагічныя праблемы. Калі водарасці выкідвае на бераг, яны раскладаюцца і вылучаюць таксічны серавадарод, забруджваюць пляжы, пашкоджваюць каралавыя рыфы і спрыяюць утварэнню мёртвых зон у вадзе. Гэта таксама наносіць значную шкоду турызму і мясцовай эканоміцы.

Падчас раскладання саргасы вылучаюць метан і іншыя парніковыя газы, што выклікае пытанні наконт іх уплыву на клімат і вугляродны цыкл. Навукоўцы заклікаюць наладзіць міжнародны маніторынг гэтага з'явішча, удасканаліць прагназаванне яго распаўсюджвання і скарачаць паступленне пажыўных рэчываў у акіян.

Чытайце таксама:

Марскую чарапаху лячылі 22 гады, а цяпер нарэшце выпусцілі ў акіян

У ЗША затопяць легендарны акіянскі лайнер. Ён стане найбуйнейшым штучным рыфам у свеце

Брытанец амаль год правёў у акіяне без выхаду на сушу, пераплыўшы на лодцы Ціхі і Індыйскі акіяны

Каментары да артыкула