БЕЛ Ł РУС

Беларусы масава шукаюць у Google «ваеннаабавязаны». У чым прычына?

21.11.2026 / 08:10

Nashaniva.com

20 лістапада ў Беларусі рэзка вырасла цікавасць да тэмы «ваеннаабавязаны» — сэрвіс Google Trends паказвае раптоўны рост на 1000%.

Фота Мінабароны

Google Trends паказвае не ўсе запыты карыстальнікаў, а найперш пошукавыя трэнды — тэмы, цікавасць да якіх рэзка вырасла. Беларусы звярнуліся з запытам «ваеннаабавязаны» (па-руску) больш за 20 тысяч разоў за апошнія суткі — рост склаў 1000%, піша Reform.news.

Аказалася, справа ў махлярах. Як паведамляе створаны беларускімі дзяржаўнымі прапагандыстамі праект «Народны Антыфейк», у Беларусі махляры пачалі пісаць ваеннаабавязаным ад імя супрацоўнікаў ваенкаматаў.

«Прадстаўляюцца маёрамі і палкоўнікамі, адпраўляюць галасавыя паведамленні пра будучую перападрыхтоўку і ўдакладняюць, ці гатовыя дакументы.

Потым дасылаюць спасылку нібыта на PDF-файл са спісам ваеннаабавязаных. Аднак замест дакумента адкрываецца падроблены сайт аўтарызацыі Telegram, дзе прапануюць увесці нумар тэлефона, код пацвярджэння і воблачны пароль.

Атрымаўшы гэтыя звесткі, махляры могуць увайсці ў акаўнт ахвяры, вывучыць перапіскі і пачаць рассылаць паведамленні ад яе імя іншым людзям», — гаворыцца ў паведамленні.

Дарэчы, папярэдняя цікавасць да ваеннай тэмы ў жыхароў Беларусі ўзнікла 22 кастрычніка. Беларусы масава шукалі «призывник». У гэты дзень у Беларусі пачалася планавая адпраўка прызыўнікоў на тэрміновую ваенную службу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула