Падчас смяротнага пакарання ў Тэхасе, якое доўжылася больш за гадзіну, асуджаны крычаў ад болю
Рэйнальда Дэнес правёў у чаканні прывядзення прысуду ў выкананне 40 гадоў.
Фота: Texas Department of Criminal Justice/Florida Department of Corrections via AP
У Тэхасе падчас выканання смяротнага прысуду асуджаны крычаў, сцвярджаючы, што яму балюча. У выніку пакаранне смерцю праз смяротную інʼекцыю працягвалася больш за гадзіну, піша Бі-бі-сі.
Па словах сведак, 70‑гадовы Рэйнальда Дэнес казаў: «Гэта не працуе так, як павінна», калі яму ўводзілі прэпарат пентабарбітал.
Прэс-сакратарка Дэпартамента крымінальнага правасуддзя Тэхаса паведаміла, што ў Дэнеса доўга шукалі вены для ўвядзення прэпарата, але дадала, што асуджаны скардзіўся на боль у тых частках цела, дзе спробы інʼекцый не рабіліся.
Выпадак з Дэнесам адбыўся следам за няўдалым пакараннем смерцю асуджанай з Тэнэсі Крысты Пайк, якая падчас падобнай працэдуры ў верасні перажыла ўвядзенне дзвюх смяротных доз пентабарбіталу і, як лічыцца, стала адзіным чалавекам, які выжыў пасля спробы смяротнага пакарання з дапамогай інʼекцыі.
Дэнес быў прысуджаны да смяротнага пакарання за забойства ў 1996 годзе Янаша Шуча, гандляра алмазамі, якога знайшлі са шматлікімі агнястрэльнымі раненнямі.
У дзень, калі яго пакаралі смерцю, у іншым амерыканскім штаце, Фларыдзе, пакаралі смерцю яшчэ адну зняволеную.
Смяротныя пакаранні з выкарыстаннем смяротнага прэпарата звычайна доўжацца ад некалькіх хвілін да больш чым гадзіны.
Майкл Грачык, карэспандэнт агенцтва Associated Press, які быў сведкам многіх падобных пакаранняў смерцю, распавёў, што гэтым разам у турме горада Хантсвіл у Тэхасе яму і іншым сведкам давялося чакаць незвычайна доўга, перш чым іх правялі ў камеру для інʼекцый. Паводле яго слоў, такія затрымкі звычайна звязаныя з супрацівам зняволенага працэдуры або з цяжкасцямі пры пошуку вен.
Калі сведак нарэшце пусцілі ўнутр, Дэнес амаль адразу ўсклікнуў: «Гэты боль! Сыходзьце! Сыходзьце!», — распавёў Грачык. Затым ён вылаяўся і папрасіў «бацьку» «забраць гэты боль».
Пасля гэтага ён закрычаў: «Мая правая нага мяне забівае!», апісваючы гэта як сутаргу. Вылаяўшыся яшчэ раз, ён застагнаў і хрыпла прамармытаў: «Не думаю, што гэта нармальна».
Іншы сведка, святар Джэф Худ, распавёў газеце USA Today, што пакаранне Дэнеса было «безумоўна самым жудасным» з усіх, што ён бачыў. «Ён [Дэнес] крычаў: «Мая нага, мая нага, мая нага», — сказаў Худ. — Ён двойчы крычаў: «Гэта не працуе так, як павінна»».
Выкарыстанне пентабарбіталу зноў стала прадметам пільнай увагі пасля таго, як асуджаная за забойства 50‑гадовая Крыста Пайк у верасні перажыла дзве спробы пакарання праз смяротную інʼекцыю. Яе даставілі ў бальніцу ў крытычным стане, а затым вярнулі ў турму.
Яе няўдалае пакаранне прыцягнула ўвагу і шакавала ўвесь свет.
Пентабарбітал — гэта магутны седатыўны сродак, які запавольвае працу арганізма, у тым ліку нервовай сістэмы. Дактары часам выкарыстоўваюць яго для лячэння пэўных захворванняў, але ў высокіх дозах ён таксама можа прымяняцца ў якасці смяротнай інʼекцыі.
Яго выкарыстанне пры смяротных пакараннях зноў стала прадметам пільнай увагі ў мінулым годзе пасля таго, як падчас праверкі, праведзенай урадам ЗША ў гады прэзідэнцтва Джо Байдэна, былі выказаныя асцярогі адносна таго, што гэты прэпарат можа выклікаць «непатрэбны боль і пакуты».
Адміністрацыя Байдэна забараніла яго выкарыстанне пры пакараннях смерцю на федэральным узроўні, але гэта не зʼяўляецца абавязковым на ўзроўні штатаў — кожны штат можа выбіраць свае ўласныя метады забойства зняволеных.