БЕЛ Ł РУС

Акцёра Дэпардзьё і пісьменніка Уэльбека абвінавачвае ў сэксуальным гвалце актрысы з фільма «Спа»

21.11.2026 / 08:42

Nashaniva.com

І Дэпардзьё, і Уэльбе раней сутыкаліся з такімі справамі. У гэтым выпадку справа вядзецца пра групавы акт.

Жэрар Дэпардзьё, фота Chesnot/Getty Images

Французскія ўлады вядуць расследаванне ў дачыненні да акцёра Жэрара Дэпардзьё і пісьменніка Мішэля Уэльбека ў сувязі з «абвінавачаннямі сэксуальнага характару», паведамляе крыніца, знаёмая з ходам расследавання, піша Бі-бі-сі.

Пацвярджэнне таго, што такое расследаванне вядзецца, з'явілася пасля таго, як французскія СМІ паведамілі, што ў «групавым згвалтаванні» гэтымі двума знакамітасцямі абвінавачвае актрыса, якая здымалася ў 2018 годзе ў фільме «Thalasso» (у Беларусі і Расіі назва «Спа»).

Крыніца паведаміла Бі-бі-сі, што судовае расследаванне было распачатае пасля падачы скаргі ў маі 2025 года.

Дэпардзьё ўжо быў асуджаны за іншыя, не звязаныя з гэтай справай выпадкі сэксуальнага гвалту.

Пацярпелая, імя якой не выдаецца, упершыню заявіла пра згвалтаванне ў інтэрв'ю французскаму расследавальніцкаму сайту Mediapart. Яна абвінаваціла Дэпардзьё ў палавым акце з пранікненнем без згоды, а Уэльбека — у прымусе яе да аральнага сэксу.

Актрыса і танцоўшчыца, якой на той момант было 32 гады, распавяла Mediapart, што яе нанялі на ролю з аголенымі сцэнамі, але ёй так і не далі дакладных указанняў наконт гэтай сцэны, у якой не прадугледжвалася ніякіх сэксуальных дзеянняў.

Яна распавяла, што падчас здымак Уэльбек зацягнуў яе ў нумар гатэля і на ложак, дзе гвалтоўна пацалаваў, а затым Дэпардзьё пранік у яе пальцамі, пакуль пісьменнік прыціскаў яе да ложка.

Акрамя таго, паводле яе слоў, Уэльбек падчас здымкі прымусіў яе да аральнага сэксуальнага акту без яе згоды. З-за гэтага актрыса зведала, па яе словах, «глыбокае прыніжэнне» і «неапісальны сорам».

Французскае заканадаўства з 2025 года кваліфікуе любыя сэксуальныя дзеянні, якія здзяйсняюцца без згоды іншага боку, як згвалтаванне.

Мішэль Уэльбек, фота Edoardo Fornaciari/Getty Images

Рэжысёр фільма Гіём Ніклу абвінавачваецца ў саўдзеле, паколькі, як сцвярджаецца, ён здымаў гэты інцыдэнт на камеру — пра гэта паведамляюць Mediapart і агенцтва AFP. 

Ніклу распавёў Mediapart, што гэтая сцэна была імправізаванай і ён не ўмешваўся, паколькі не заўважыў «ніякіх абмежаванняў, слоўнага ці фізічнага супраціву, ды і нават дыскамфорту».

Выданне апублікавала дакументы, якія сведчаць пра тое, што адзняты матэрыял гэтай сцэны быў знішчаны.

Актрыса распавяла выданню, што ў той час яна паведаміла пра інцыдэнт сябрам, свайму агенту і іншым асобам, якія ўдзельнічалі ў здымках фільма ў Нармандыі, але падала скаргу толькі пасля таго, як іншыя жанчыны абвінавацілі Дэпардзьё ў сэксуальных дамаганнях.

На наступным тыдні Дэпардзьё даведаецца, ці павінен ён будзе паўстаць перад судом паводле абвінавачання ў меркаваным згвалтаванні іншай актрысы, Шарлоты Арно.

У панядзелак Дэпардзьё адклікаў апеляцыю на асобны прысуд па двух пунктах абвінавачання ў сэксуальным дамаганні падчас здымак іншага фільма, за што яму быў прызначаны 18‑месячны ўмоўны тэрмін.

З абвінавачаннямі на адрас 77‑гадовага акцёра ў СМІ выступілі яшчэ некалькі жанчын.

Мішэль Уэльбек таксама неаднаразова сутыкаўся з судовымі справамі ў Францыі, але абвінавачанні палягалі ў распальванні этнічнай або рэлігійнай нянавісці. Справа 2002‑га года скончылася апраўдальным прысудам, чарговыя абвінавачанні ў саўдзеле ў падбухторванні да дыскрымінацыі, нянавісці ці гвалту былі вылучаныя ў лістападзе 2026‑га года, і пакуль справа не перададзеная ў суд.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула