Асабістая доктарка Лукашэнкі купіла дом за 200 метраў ад плота яго рэзідэнцыі
Зямлю ёй перадалі таемна.
Святлана Канашэнка з'явілася ў эпізодзе інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі расійскай прапагандыстцы Наілі Аскер-задэ. Мінск, студзень 2021 года. Кадр з відэа тэлеканала «Россия-1» / smotrim.ru
Асабістая доктарка Лукашэнкі Святлана Канашэнка купіла прасторны новы дом паблізу рэзідэнцыі «Дразды», даведалася «Люстэрка» ад дасведчанай крыніцы.
Зямлю пад катэджам ёй перадалі рашэннем з грыфам «для службовага карыстання». Суседнія дамы набылі яе родная сястра і людзі, якіх звязваюць з блізкім да ўлады бізнэсоўцам Сяргеем Цяцерыным.
Новы дом за два крокі ад працы
Як даведалася «Люстэрка», у лютым 2024 года Святлана Канашэнка купіла дом на вуліцы Прыветлівай у Мінску. Катэдж размешчаны побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі «Дразды» — ад КПП і плота з калючым дротам яго аддзяляе каля 200 метраў.
Агульная плошча пабудовы складае 396,8 квадратнага метра, а жылая — 84,2 квадрата. У доме адзін надземны і адзін цокальны паверх.
Новы дом Святланы Канашэнка на вуліцы Прыветлівай. Мінск, 2026 год. Выява: «Яндэкс.Панарамы»
Участак плошчай больш за 21 сотку, на якім стаіць катэдж, Канашэнка спярша аформіла ў арэнду, а годам пазней — у пажыццёвае спадчыннае валоданне. Улады горада пазначылі грыфам «для службовага карыстання» рашэнне, паводле якога перадалі зямлю медыку.
Сума, за якую Канашэнка набыла дом, невядомая. Іншы катэдж на гэтай жа вуліцы цяпер прадаецца за 1,055 мільёна рублёў (што эквівалентна 352 тысячам даляраў). Але ў выстаўленага на продаж аб'екта меншая плошча, меншы ўчастак і «другасны» стан.
Знаёмыя суседзі
Разам з домам Святланы на вуліцы Прыветлівай узвялі яшчэ некалькі катэджаў і краму. Мяркуючы па дакументах, там вырасла «Сядзібная жылая забудова з аб'ектамі грамадскага прызначэння», якой займалася адна кампанія.
Вось хто набыў новыя дамы:
— Наталля Кізік — родная сястра Святланы Канашэнка і яе партнёрка па бізнесе.
— Таццяна Мацвеева — дырэктарка і ўладальніца фірмы «БелГлобалТон», звязанай з Сяргеем Цяцерыным. Паводле інфармацыі БРЦ, Мацвеева як мінімум двойчы лятала на адпачынак у ААЭ ў кампаніі Цяцерына і Лукашэнкі.
— Дзмітрый Шчасны, дырэктар «Лагістычнай кампаніі Усход», якую таксама звязваюць з Цяцерыным.
Участкі Канашэнка, Кізік і Мацвеевай мяжуюць паміж сабой і абнесены аднолькавым плотам. Мяркуючы па вывучанай «Люстэркам» інфармацыі, дакументы на іх афармлялі з розніцай у некалькі хвілін. Усе тры жанчыны атрымалі зямлю ў валоданне паводле аднаго і таго ж рашэння «для службовага карыстання».
Дом Дзмітрыя Шчаснага пабудавалі амаль на год пазней і афармлялі асобна.
Загадкавы забудоўшчык
Будоўляй займалася кампанія «Міравіжн», даведалася «Люстэрка» ад дасведчанай крыніцы. Першапачаткова менавіта яна атрымала ўчастак плошчай амаль 1,6 гектара пад забудову, пасля перадавала яго долі новым жыхарам у арэнду, а далей тыя афармлялі землі ў валоданне.
Гэта маладая фірма, зарэгістраваная ў 2021 годзе, яна ўваходзіць у рэестр малых арганізацый. Сайта ў яе няма, а адрасы рэгістрацыі — такія ж, як у фірмаў Цяцерына і Канашэнка.
Будоўля дамоў на вуліцы Прыветлівай. Мінск, 2023 год. Выява: «Яндэкс.Панарамы»
Першапачаткова «Міравіжн» заяўляла, што будзе займацца размяшчэннем рэкламы ў СМІ. Аднак з дакументаў кампаніі вынікае, што ў 2023 годзе яна пераключылася на рэалізацыю праектаў, звязаных з будаўніцтвам.
Уладальнік гэтай кампаніі — нейкі Сяргей Галабародзька, пра якога няма публічнай інфармацыі. Паводле звестак, атрыманых «Люстэркам» ад «Кіберпартызан», у мінулым ён працаваў кіроўцам.
Паводле інфармацыі выдання «Бюро», спецыялісткай па кадрах у «Міравіжн» працавала Аліна Роскач, у мінулым — удзельніца конкурсу «Міс Беларусь», якая пасля з'яўлялася побач з Аляксандрам Лукашэнкам на мерапрыемствах і працавала ў фірмах Сяргея Цяцерына.