BepiColombo даляцеў да Меркурыя — пасля васьмі гадоў падарожжа ў космасе ён выйдзе на арбіту гэтай загадкавай планеты
Пераадолеўшы 10 мільярдаў кіламетраў, касмічны апарат BepiColombo здолеў наблізіцца да Меркурыя і рыхтуецца выйсці на яго арбіту. Падарожжа да гэтай загадкавай планеты — сумесны праект Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ESA) і Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA), піша Бі-бі-сі.
Скрыншот відэа Бі-бі-сі
Апарат акажацца ў надзвычай суровых умовах: Меркурый — найбліжэйшая да Сонца планета, і тэмпература на яго паверхні можа дасягаць +430°C у дзённы час, а ўначы апускацца да −180°C. Акрамя таго, планета пастаянна зазнае ўздзеянне інтэнсіўнага сонечнага выпраменьвання.
Місія BepiColombo можа дапамагчы разгадаць галоўныя таямніцы Меркурыя. Навукоўцы спадзяюцца высветліць, чаму ў кратарах планеты захоўваецца лёд, нягледзячы на блізкасць да Сонца, а таксама зразумець паходжанне загадкавых паглыбленняў, якімі ўсеяна паверхня Меркурыя.
«Мне здаецца, сярод планет унутранай часткі Сонечнай сістэмы Меркурыю ўдзяляюць незаслужана мала ўвагі, але гэта таксама адна з тых прычын, якія робяць планету цікавай для вывучэння», — кажа адна з вядучых даследчыц місіі прафесарка Эма Банс з Лестэрскага ўніверсітэта.
Апарат BepiColombo запусцілі ў 2018 годзе з касмадрома ў Французскай Гвіяне. Дабрацца да Меркурыя яму было няпроста: праз моцнае гравітацыйнае прыцягненне Сонца апарату давялося пастаянна карэктаваць хуткасць і траекторыю палёту.
Фота NASA
На працягу ўсяго падарожжа BepiColombo даводзілася пастаянна тармазіць. Для гэтага апарат некалькі разоў пралятаў міма планет, прыцягненне якіх дапамагала яму замарудзіцца і змяніць кірунак палёту. Такім чынам за восем гадоў ён адзін раз абляцеў Зямлю, двойчы — Венеру і шэсць разоў — Меркурый.
Самы рызыкоўны манеўр чакае апарат пры выхадзе на арбіту Меркурыя. BepiColombo трэба будзе за 11 хвілін знізіць хуткасць настолькі, каб прыцягненне Меркурыя ўтрымала яго на арбіце. Калі штосьці пойдзе не так, ён можа проста праляцець міма планеты.
Дагэтуль да Меркурыя набліжаліся толькі два касмічныя апараты — абодва ў межах місій NASA. У 1970‑х гадах Mariner 10 тройчы праляцеў міма планеты. У 2011 годзе на арбіту Меркурыя выйшаў касмічны апарат «Месенджар», які прапрацаваў там чатыры гады. Дзякуючы яму навукоўцы выявілі лёд у кратарах каля полюсаў планеты. Акрамя таго, высветлілася, што магнітнае поле Меркурыя ссунутае адносна цэнтра планеты прыкладна на 10% яе радыуса.
Падчас місіі навукоўцы асаблівую ўвагу ўдзеляць незвычайным западзінам на паверхні планеты. Такіх паглыбленняў на Меркурыі тысячы. Яны неглыбокія, маюць стромкія сценкі, часта размяшчаюцца групамі і па геалагічных мерках вельмі маладыя — іх узрост складае каля 100 тысяч гадоў. Даследчыкі высветлілі, што гэтыя западзіны ўзніклі не ў выніку падзення метэарытаў, аднак як менавіта яны ўтварыліся, пакуль невядома.
BepiColombo таксама дапаможа вывучыць яшчэ адну асаблівасць Меркурыя: нягледзячы на невялікія памеры планеты (яна меншая за наш Месяц), у яе незвычайна вялікае металічнае ядро.
Паводле слоў прафесаркі Эмы Банс, у мінулым Меркурый мог быць значна буйнейшым.
«Паводле адной з версій, у выніку магутнага сутыкнення планета пазбавілася сваёй мантыі. Або прычынай стала цэлая серыя сутыкненняў, якія адбываліся на працягу больш доўгага часу. Паступова яны зрывалі знешнія пласты планеты — мантыю і кару — і ў выніку сфарміравалі той Меркурый, які мы назіраем сёння», — тлумачыць Банс.
Зрэшты, паводле слоў навукоўцы, існуе верагоднасць, што Меркурый першапачаткова сфарміраваўся такім у багатай на металы вобласці Сонечнай сістэмы на раннім этапе яе існавання.
У місіі ёсць незвычайная асаблівасць: на борце знаходзяцца адразу два касмічныя апараты. Праз некалькі тыдняў пасля прыбыцця да Меркурыя яны падзеляцца.
Еўрапейскі апарат ESA будзе даследаваць паверхню планеты з блізкай адлегласці, а японскі апарат JAXA пачне назіраць за Меркурыем з аддаленай арбіты.
Фота: ESA/Java
Поўнапамерная мадэль BepiColombo прадстаўлена ў Музеі навукі ў Лондане. Яе распрацоўвала сістэмны інжынер кампаніі Airbus Джэсіка Маршал, якая паказала журналістам ключавыя элементы канструкцыі апарата.
Паводле слоў Маршал, момант падзелу двух апаратаў прымусіць каманду пахвалявацца.
«Мы распрацавалі спецыяльны механізм і вельмі старанна прадумалі канструкцыю BepiColombo. На працягу васьмі гадоў ён зазнаваў уздзеянне касмічнага выпраменьвання і вялікіх перападаў тэмпературы. Цяпер спружынны механізм павінен спрацаваць і вельмі плаўна вызваліць апараты», — распавяла інжынер.
З дапамогай двух арбітальных апаратаў, абсталяваных мноствам навуковых прыбораў, каманда BepiColombo спадзяецца раскрыць таямніцы гэтай планеты. А магчыма, і выявіць шмат новых загадак.