БЕЛ Ł РУС

«Яго звалі Ціхан, ён нарадзіўся ў 2019 годзе». Зяленскі пракаментаваў удар па Крывым Розе

21.11.2026 / 13:58

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны ў сваім тэлеграм-канале пракаментаваў расійскі ўдар па родным Крывым Рогу, у выніку яго загінулі фельчарка і сямігадовае дзіця, а 58 чалавек былі параненыя.

Фота: ДСНС Украіны

«Удар прыйшоўся проста па звычайным цывільным раёне горада — паблізу няма і не было ніводнага ваеннага аб’екта. Загінулі дзяўчына — медык экстранай дапамогі — і хлопчык, якому было ўсяго сем гадоў. Яго звалі Ціхан, ён нарадзіўся ў 2019 годзе, і, на жаль, большая частка яго жыцця прайшла ў час гэтай вайны. І расіяне забілі яго сваім ударам. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім…

Былі пашкоджаныя звычайныя жылыя дамы, офісы, проста цывільная інфраструктура звычайнага горада. Параненыя 58 чалавек. Сярод параненых — шасцёра дзяцей: чатырохгадовы Мацвей і адзінаццацігадовы Платон, браты Ціхана. Таксама паранены яго бацька. Дактары робяць усё магчымае, каб ім дапамагчы», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

«Важна, што свет не маўчыць пра такія ўдары. Але неабходна, каб у адказ на кожны такі ўдар Украіна атрымлівала рэальную дапамогу: сапраўдныя пакеты падтрымкі, дадатковыя сродкі для нашай супрацьпаветранай абароны, дапамогу ў аднаўленні. І абавязкова — дастатковы ціск на Расію, каб спыніць гэтыя забойствы, каб спыніць вайну, адзінай прычынай якой з'яўляецца Расія. Свет можа яе спыніць», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Расія атакавала балістычнымі ракетамі цэнтр Крывога Рога: загінулі фельчарка і дзіця, 58 чалавек параненыя

Каментары да артыкула