БЕЛ Ł РУС

Звязаныя з ФСБ хакеры пачалі новую серыю атак на журналістаў і палітыкаў па ўсім свеце

21.11.2026 / 14:53

Nashaniva.com

Сярод цэляў — Хрыста Грозеў, суаўтар «Панамскага дасье» і супрацоўнікі Le Monde.

За апошнія дні стала вядома адразу пра некалькі фішынгавых атак на журналістаў. Іх зазналі расследавальнік Хрыста Грозеў, нямецкі журналіст і адзін з аўтараў «Панамскага дасье» Бастыян Обермаер, супрацоўнікі Le Monde, а таксама французскі дэпутат, піша «Агенцтва»

Паводле звестак Le Monde, за серыяй атак стаіць хакерская групоўка, якую ўлады ЗША звязваюць з памежнай службай, што ўваходзіць у ФСБ.

18 лістапада Грозеў расказаў, што атрымаў у Signal паведамленне нібыта ад нямецкага журналіста, з якім не кантактаваў некалькі гадоў. Адпраўнік запрашаў яго на відэаканферэнцыю. Грозеў адкрыў спасылку ў ізаляваным віртуальным асяроддзі і выявіў падробленую старонку Google Meet, якая павінна была перанакіраваць яго на фальшывую старонку ўваходу ў Telegram для крадзяжу звестак аўтарызацыі.

A new phishing campaign from our Fancy/Cozy/GummyBear buddies this week. This time a bit more sophisticated than usual, yet full of their traditional, glaring giveaways of unadulterated Russianness (thread)

— Christo Grozev (@christogrozev) November 18, 2026

Грозеў звярнуў увагу на сляды рускай мовы: хакеры скапіявалі рускамоўную версію Google Meet, а тэкст запрашэння ўтрымліваў неўласцівыя для англійскай мовы звароты, якія нагадвалі калькі з рускай.

«У гэтым і палягае вытанчанасць — выбіраецца нехта з ВАШЫХ кантактаў, але настолькі аддалены, што вы можаце паверыць, нібыта ў яго з'явіўся новы нумар у Signal», — растлумачыў Грозеў.

У каментарах да публікацыі нямецкі журналіст Бастыян Абермаер, адзін з аўтараў расследавання Panama Papers, паведаміў, што таксама атрымаў падобнае паведамленне. Яго насцярожыла памылка ў імені імавернага адпраўніка. Грозеў спытаў, ці супадаў тэкст з атрыманым ім запрашэннем. Абермаер пацвердзіў, што паведамленні былі аднолькавымі.

17 лістапада трое журналістаў Le Monde атрымалі ў Signal запрашэнні на відэаканферэнцыю пра вайну ва Украіне і расійска-ўкраінскія перамовы. Паведамленні прыйшлі нібыта ад знаёмага еўрапейскага журналіста і ўтрымлівалі фішынгавую спасылку.

Сярод мэтаў хакераў быў і французскі дэпутат Эрык Батарэль. Яму з узламанага Signal-акаўнта знаёмага прапанавалі ўступіць у групу ў Telegram. Спасылка вяла на падробленую старонку месенджара, дзе патрабавалася пазначыць нумар тэлефона і код пацвярджэння.

Паводле звестак Le Monde, атакі працягваюцца як мінімум з сярэдзіны кастрычніка. Хакерам удалося атрымаць доступ да акаўнта кіраўніка кампаніі ў сферы кібербяспекі, удакладняе выданне, але не называе яго імя.

Французскім прыхільнікам Украіны зламыснікі пісалі ад імя асацыяцыі Pour l’Ukraine, pour leur liberté et la nôtre! У 2022 годзе яна перадала Міжнароднаму крымінальнаму суду матэрыялы пра вываз украінскіх дзяцей у Расію. У сакавіку 2025 года расійская генпракуратура абвясціла арганізацыю «непажаданай».

Грозеў у сваім допісе ў X піша, што гэта «новая фішынгавая кампанія ад нашых сяброў Fancy/Cozy/GummyBear на гэтым тыдні».

Крыніцы Le Monde у еўрапейскіх службах бяспекі аднеслі атакі да дзейнасці хакерскай групы UNC5792, вядомай таксама як Frontier Blizzard і Sentry Bear. Галоўны аналітык Google па кіберпагрозах Джон Халтквіст вывучыў перададзеныя рэдакцыяй тэхнічныя звесткі і пацвердзіў, што дзеянні зламыснікаў адпавядаюць метадам гэтай групы.

У чэрвені ФБР і агенцтва па кібербяспецы ЗША паведамілі, што супрацоўнікі ФСБ, якія працуюць у памежнай службе, і іншыя звязаныя з расійскімі спецслужбамі хакеры спрабуюць атрымаць доступ да месенджараў чыноўнікаў, вайскоўцаў, палітыкаў і журналістаў. Амерыканскія ведамствы звязалі гэтыя аперацыі з групамі UNC5792 і UNC4221. Як піша Le Monde са спасылкай на ўлады ЗША, за UNC5792 стаіць спецгрупа ў адным з падраздзяленняў памежнай службы ФСБ.

Пра кампанію UNC5792 Google папярэджваў яшчэ ў лютым 2025 года. Паводле звестак кампаніі, у межах яе былі атакаваныя карыстальнікі Signal, найперш украінскія вайскоўцы. Тады хакеры падмянялі запрашэнні ў групавыя чаты спасылкамі, якія дазвалялі падключыць да акаўнта прыладу зламысніка і чытаць перапіску. Кампанія дапускала распаўсюджванне гэтага метаду за межы Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула