БЕЛ Ł РУС

Школьнікаў і студэнтаў па-новаму будуць размяркоўваць на групы па фізкультуры

21.11.2026 / 15:20

Nashaniva.com

У Беларусі абнавілі правілы, паводле якіх вучняў і студэнтаў размяркоўваюць на групы для заняткаў фізічнай культурай.

Зараз пры гэтым будуць улічваць, ці ёсць у чалавека парушэнні здароўя і наколькі моцна яны ўплываюць на працу арганізму. Усяго прадугледжана чатыры групы, піша Onliner.by.

Асноўная група — для вучняў і студэнтаў без адхіленняў у стане здароўя, а таксама з такімі парушэннямі, якія не ўплываюць на працу органаў і сістэм арганізма. Яны могуць займацца фізкультурай у поўным аб'ёме, здаваць нарматывы, наведваць спартыўныя секцыі і ўдзельнічаць у спаборніцтвах.

Падрыхтоўчая група — для тых, хто аднаўляецца пасля вострага захворвання, а таксама для навучэнцаў з хранічнымі захворваннямі, пры якіх парушэнні функцый арганізма нязначныя або адсутнічаюць. Яны займаюцца і здаюць нарматывы паводле рэкамендацый лекара. Да заняткаў у спартыўных секцыях і ўдзелу ў спаборніцтвах іх дапускаюць індывідуальна, пасля дадатковага медыцынскага агляду.

Спецыяльная медыцынская група — для навучэнцаў з хранічнымі захворваннямі, пры якіх функцыі арганізма парушаныя не цалкам, а таксама для тых, у каго пасля вострага захворвання засталіся лёгкія парушэнні.

Група ЛФК — для навучэнцаў з хранічнымі захворваннямі, пры якіх функцыі арганізма значна парушаныя, а таксама для тых, у каго пасля вострага захворвання ўзніклі ўмераныя або выяўленыя парушэнні.

Асобнае правіла датычыцца юнакоў ва ўзросце 17—18 гадоў і старэйшых за 18 гадоў. Калі паводле стану здароўя падчас прыпіскі да прызыўнога ўчастка або прызыву іх могуць прызнаць прыдатнымі да ваеннай службы ці прыдатнымі з нязначнымі абмежаваннямі, у спецыяльную медыцынскую групу і групу ЛФК іх накіроўваць не будуць.

Гэтая мера неабходная для павышэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці будучых прызыўнікоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула