У Мінску датэрмінова закрылі анімалістычную выставу. Прычына можа быць у асобных мастаках
У культурных колах звяртаюць увагу на тое, што сярод экспанентаў па папярэдніх спісах апынулася шмат мастакоў, якіх раней не дапускалі да ўдзелу ў выставачных праектах.
Фота: minskmuseum / Instagram
У Мінску спыніла працу анімалістычная выстава «Zooart II. Мастацтва на лапах», якая праходзіла ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. На афішных сэрвісах картка падзеі атрымала пазнаку «Адмена», паведамляе Reform.news.
Праект адкрыўся 4 лістапада і першапачаткова павінен быў працаваць да 29 лістапада. Але выставу закрылі ўжо 12 лістапада — яна прапрацавала крыху больш за тыдзень.
Афіцыйныя прычыны датэрміновага спынення экспазіцыі не паведамляюцца.
Разам з тым у культурных колах звяртаюць увагу на тое, што сярод экспанентаў па папярэдніх спісах апынулася шмат мастакоў, якіх раней не дапускалі да ўдзелу ў выставачных праектах. Не выключана, што кіраўніцтва Музея гісторыі горада Мінска, у склад якога ўваходзіць галерэя Міхаіла Савіцкага, вырашыла перастрахавацца.
У сацсетках установы з’явілася пазнака, што праект спынены па тэхнічных прычынах.
Фота: minskmuseum / Instagram
Экспазіцыю падрыхтавалі секцыі скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і графікі Беларускага саюза мастакоў — агулам у ёй было прадстаўлена каля 160 работ. «Zooart II» стаў працягам анімалістычнага праекта беларускіх мастакоў, дзе аўтары праз розныя матэрыялы і тэхнікі даследуюць вобразы жывёл і ўзаемаадносіны чалавека з прыродай.
Першапачаткова выстава планавала працу да 29 лістапада, але раптоўна дата яе заканчэння змянілася.