Расія рэкорднымі тэмпамі прадае золата, а Польшча за апошнія гады купіла яго найбольш за ўсіх у Еўропе
Гэта адбываецца на фоне «залатой ліхаманкі», якая ахапіла банкі і інвестараў ва ўмовах няпэўнасці і глабальнай непрадказальнасці.
Фота: commons.wikimedia.org / History of Geo
Расія другі квартал запар з'яўляецца найбуйнейшым прадаўцом залатых рэзерваў свайго цэнтрабанка, піша Бі-бі-сі.
Паводле даных Сусветнага савета па золаце, у трэцім квартале 2026 года Банк Расіі прадаў 18,66 тоны золата.
Толькі аднойчы ў найноўшай гісторыі РФ пазбаўлялася ад золата з такой хуткасцю. Гэта было ў 1998 годзе, калі яна прадала 118 тон са сваіх рэзерваў цягам трох месяцаў. Але тады гэта не выратавала яе ад дэфолту.
Агулам Расія скарачае свае запасы золата ўжо дзесяць месяцаў запар. Са снежня мінулага года і да канца верасня залатыя запасы расійскага цэнтрабанка скараціліся на 62 тоны.
Распродаж адбываецца, каб прыцягнуць сродкі для фінансавання дзяржаўных выдаткаў.
Аглядальнікі адзначаюць, што дынаміка залатога распродажу сведчыць пра рэальныя праблемы з расійскімі фінансамі на фоне інтэнсіфікацыі ўдараў па Украіне.
Сёлета дэфіцыт расійскага бюджэту дасягнуў 7,3 трыльёна рублёў (79,57 млрд еўра), а сукупны дэфіцыт за перыяд пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе перавысіў 240 млрд еўра.
Пры гэтым Расія таксама застаецца адным з вядучых вытворцаў золата.
У той час як заходнія санкцыі змяняюць механізм гандлю каштоўнымі металамі для Масквы, галоўным пакупніком расійскага золата стаў Кітай, які, паводле афіцыйных даных, са студзеня па ліпень атрымаў з Расіі каля 100 тон золата праз Ганконг.
Хто мае найбольш золата
Паводле справаздачы Gold Demand Trends, агулам цэнтральныя банкі ва ўсім свеце набылі сёлета больш за 321 тону, што на 42% больш у параўнанні з паказчыкам гадавой даўніны.
Ключавыя пакупнікі — краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У прыватнасці, Чэхія набыла больш за 5 тон, а Банк Польшчы за гэты перыяд павялічыў свае рэзервы на 40,5 тоны.
Сярод пакупнікоў золата Польшча з'яўляецца бясспрэчным еўрапейскім лідарам і нават увайшла ў сусветную дзясятку краін з найбольшымі запасамі золата ў рэзервах.
Папаўненне рэзерваў краіны золатам — адна з галоўных стратэгій кіраўніка Банка Польшчы Адама Глапінскага, які 5 лістапада паведаміў, што цэнтральны банк дасягнуў свайго мэтавага паказчыка ў 700 тон.
Кошт гэтых запасаў ацэньваецца прыблізна ў 356 мільярдаў злотых (91,4 мільярда даляраў, або больш за 80 мільярдаў еўра).
У той час як Польшча замыкае першую дзясятку краін з найбольшымі залатымі рэзервамі, Расія пакуль застаецца на пятым месцы. Яе апярэджваюць ЗША з запасамі ў больш чым 8 тысяч тон, Германія, якая мае больш за 3 тысячы тон, а таксама Італія, Францыя і Кітай.
У першай дзясятцы таксама Швейцарыя, Індыя і Японія.
Новая залатая ліхаманка
Замарожванне расійскіх замежных актываў пасля ўварвання ва Украіну, а таксама непрадказальная палітыка палітычных гульцоў, галоўным чынам ЗША, прывяла да таго, што аглядальнікі ўжо назвалі новай «залатой ліхаманкай», калі інвестары і цэнтрабанкі па ўсім свеце зноў вярнуліся да золата як надзейнага актыву.
Цяпер золата каштуе каля 3,5 тысячы даляраў за унцыю. Прагнозы на 2027 год дасягаюць 5,5—5,6 тысячы даляраў за унцыю.
Шмат што будзе залежаць ад курсу даляра — мацнейшая амерыканская валюта можа вярнуць прыхільнасць нейкай часткі інвестараў.