На фронце знайшлі загінулым 25‑гадовага беларуса з пазыўным «Дэкан»
Сям'я стала шукаць Віталя Драбышэўскага яшчэ ў ліпені 2025 года, калі ён перастаў выходзіць на сувязь. Як аказалася, хлопец пайшоў на фронт. 5 верасня 2025 года Драбышэўскі пайшоў на апошняе баявое заданне. З таго часу маці шукала не яго, а хаця б цела.
Фота: ekaterina888508 / Instagram
25‑гадовы гамяльчук Віталь Драбышэўскі летась узяў пазыўны «Дэкан» і паехаў ваяваць на баку Расіі супраць Украіны.
У жніўні 2025 года пошукава-выратавальны атрад «Сімуран» публікаваў абвестку, што хлопца шукае Чыгуначны РАУС Гомеля. Паведамлялася, што хлопец перастаў выходзіць на сувязь з 28 ліпеня 2025 года, знаходзячыся ў Расіі.
Маці Драбышэўскага пазней шукала інфармацыю пра яго па спецыялізаваных тэлеграм-чатах. Яна пісала, што ён быў у вайсковай часці №46317, служыў у 7‑й роце 3‑га мотастралковага батальёна 242‑га палка. А 5 верасня 2025 года пайшоў на апошняе баявое заданне і знік без вестак.
Апошнім вядомым яго месцазнаходжання называўся — Русін Яр (Канстанцінаўскі раён «ДНР»).
Цяпер пошукавы атрад паведаміў, што Драбышэўскага знайшлі загінулым.