БЕЛ Ł РУС

У Мексіцы затрымалі аднаго з найбольш шуканых наркабаронаў — за інфармацыю пра яго абяцалі $5 млн

21.11.2026 / 21:12

Nashaniva.com

У рэгіёне пачаліся перастрэлкі і блакаванне дарог.

Фаўст Ісідра Меса Флорэс. Фота: Міністэрства юстыцыі ЗША

У горадзе Гуасаве ў Мексіцы 20 лістапада затрымалі Фаўста Ісідра Месу Флорэса па мянушцы «Эль Чапа Ісідра». Ён кіраваў адной з фракцый наркакартэля Сіналоа, і яго шукалі і Мексіка, і ЗША, паведамляе El País.

Разам з наркабаронам у доме затрымалі яго намесніка Серафіна і фінансавага аператара. Яшчэ ў тую ж ноч Эль Чапа Ісідра вывезлі самалётам ВПС у Мехіка.

ФБР уключыла Эль Чапа Ісідра ў спіс дзесяці самых вышуквальных злачынцаў і абяцала $5 млн узнагароды за інфармацыю пра яго. Яго апорай былі Гуасаве, Лос-Мочыс і горныя паселішчы накшталт Бадырагуата. Ён узначальваў структуру, якой калісьці кіравалі браты Бельтран Лейва. Апошнія два гады фракцыі Гусманаў (сыноў «Эль Чапа») і Самбадаў (сыноў «Эль Мая») ваююць паміж сабой, і Меса Флорэс за гэты час умацаваўся. Яго называлі галоўным экспарцёрам наркотыкаў з Сіналоа. У канцы 2024 года ў Гуасаве канфіскавалі больш за тону фентанілу, і гэта самая вялікая такая канфіскацыя ў гісторыі краіны.

Па цэнтры і поўначы Сіналоа пракацілася хваля перастрэлак, падпалаў грузавікоў і блакаванняў дарог, над гарадамі ляталі вайсковыя верталёты. Да поўначы ўлады налічылі не менш за 11 блакаванняў у муніцыпалітэтах Ахоме, Гуамучыль, Гуасаве і Навалата, 13 месцаў, дзе на дарогу раскідалі шыпы, і 3 захопы аўтамабіляў. Улады штата заклікалі жыхароў хавацца і не карыстацца трасамі на поўнач ад Куліякана.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула