Мінскія ўлады ўжо абмяркоўваюць ідэю Лукашэнкі запусціць трамваі ў метро
Але зрабіць гэта не так проста.
Фота: LookByMedia
Мінскія ўлады ўзяліся прапрацаваць прапанову Лукашэнкі запусціць у метро трамваі.
«Гэтае пытанне абмяркоўваецца. Найбліжэйшым часам адбудуцца нарады, дзе вызначым, у якім кірунку, у якія тэрміны мы будзем рухацца», — распавёў намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйным развіцці «Белкамунмаша» Алег Быцко ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць магчымасць выкарыстання сучасных трамваяў у метро, калі 23 кастрычніка наведваў холдынг «Белкамунмаш». Палітыку тады паказалі ўзоры айчыннай трамвайнай тэхнікі, у тым ліку трохсекцыйны нізкападлогавы трамвай, які вырабляюць для расійскага Чалябінска. Там развіваюць гібрыдную сістэму метратрамвая, якая аб'ядноўвае звычайныя трамвайныя рэйкі і падземныя тунэлі.
«Аказваецца, можна і шматсекцыйныя трамваі, якія яны вырабляюць, пастаўляць у метрапалітэн і не закупляць на баку гэтыя цягнікі», — казаў тады Лукашэнка. «Трэба спрабаваць. Калі мы ў метро будзем гэта пастаўляць, гэта вялікая справа. Мы імпартазамяшчэнне забяспечым».
У метро і трамвая прынцыпова розныя падыходы да сілкавання цягавых электрарухавікоў, адзначае Blizko.by. У метро выкарыстоўваецца кантактная рэйка знізу, каля пуцей, а ў трамвая — пантограф (токапрыёмнік) і правады, нацягнутыя над пуцямі. Таксама ў іх рознае напружанне ў сетцы. Трамваі і метро разлічаныя на зусім розныя пасажырапатокі, а яшчэ ў метро больш складаная сістэма кіравання рухам.
Акрамя таго, у вагонаў метро і трамвая розны ўзровень падлогі: метро разлічанае на ўваход пасажыраў з платформы (колавыя цялежкі знаходзяцца ніжэй за ўзровень платформы), а трамвай — на ўваход з зямлі. Калі проста паставіць трамвай на рэйкі мінскага метро, то, каб трапіць у салон, пасажырам давядзецца літаральна скакаць з платформы ўніз, у вагон.