БЕЛ Ł РУС

У Брэсце мужчына ў інвалідным вазку просіць міласціну. А хто не падае — таго можа і паслаць

22.11.2026 / 10:08

Nashaniva.com

У Брэсце ў Threads разгарнулася абмеркаванне паводзін мужчыны ў інвалідным вазку, які просіць грошы ў мінакоў. Са сведчанняў гараджан, у выпадку адмовы ён можа грубіяніць і абражаць людзей, піша выданне BrestCity.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: BrestCity.com

Нагодай для абмеркавання стала публікацыя адной з жыхарак горада, якая расказала пра непрыемную сустрэчу з гэтым мужчынам. Яна напісала, што той адказаў на адмову дапамагчы грашыма нецэнзурнай лаянкай. У каментарах сабралася амаль сотня водгукаў, і некаторыя карыстальнікі падзяліліся падобнымі гісторыямі.

З іх слоў, мужчыну сустракалі каля гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку недалёка ад ЦУМа і «Еўраопта». Каментатары сцвярджаюць, што ён назойліва патрабуе грошы і груба рэагуе на тых, хто не хоча яму дапамагаць.

Адна з жанчын расказала, што спачатку давала яму грошы, купляла ваду і святлоадбівальнікі, але падчас наступнай сустрэчы, калі ў яе не было гатоўкі, мужчына аблаяў яе і сыпаў праклёны ўслед яе машыне на паркоўцы.

Іншыя карыстальнікі паведамілі, што мужчына звяртаўся і да іх не з просьбай, а з патрабаваннем дапамагчы. Адна з каментатарак таксама прыгадала, што бачыла, як да яго падыходзілі супрацоўнікі міліцыі.

Пры гэтым некаторыя ўдзельнікі абмеркавання адзначылі, што ведаюць іншых людзей у інвалідных вазках, якія не просяць міласціну, але атрымліваюць дапамогу ад мінакоў, калі тыя самі вырашаюць яе аказаць.

Чытайце таксама:

У Гродне затрымалі маладую пару на інвалідных вазках. Высветлілася, што яны здаровыя

Мінчук чатыры гады трымаў у рабстве пенсіянераў і прымушаў іх прасіць міласціну. Яны ўжо памерлі

У Гомелі даўжніка шукалі чатыры месяцы. А ён увесь гэты час у грыме і на вазку прасіў міласціну па заданні

Каментары да артыкула