БЕЛ Ł РУС

Памёр Анатоль Тарас

22.11.2026 / 12:42

Nashaniva.com

Памёр пісьменнік і выдавец Анатоль Тарас, паведамілі ягоныя знаёмыя ў сацсетках са спасылкай на сваякоў. Яму было 82 гады. У савецкі час ён служыў у ГРУ, апошнія гады лукашысты прызналі шэраг яго кніг экстрэмісцкімі за іх нацыянальны характар.

Анатоль Тарас

Прычынай смерці называюць інсульт.

Анатоль Тарас нарадзіўся 24 мая 1944 года ў прыгарадзе Гомеля ў сям'і беларускага мастака Яфіма Тараса. Ён быў зводным братам вядомага беларускага пісьменніка і перакладчыка Валянціна Тараса (1930-2009).

У 1961 годзе скончыў мінскую сярэднюю школу № 31. У 1961—1963 гадах працаваў на мінскіх заводах. У 1963—1966 гадах служыў у асобным разведвальна-дыверсійным батальёне 7‑й танкавай арміі. Як сам сцвярджаў, у 1967—1975 гадах удзельнічаў у 11‑ці аперацыях спецыяльных падраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення разведкі СССР у розных рэгіёнах свету і атрымаў шэраг дзяржаўных узнагарод.

У 1972 годзе скончыў філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а ў 1979‑м — аспірантуру Акадэміі педагагічных навук СССР у Маскве.

У 1972—1981 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам, а ў 1981—1989 гадах — старшым навуковым супрацоўнікам НДІ педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1989—1991 гадах узначальваў лабараторыю навукова-практычнага цэнтра «Сігнум». Пасля працаваў рэдактарам у мінскіх выдавецтвах «Эрыдан», «Красіко-прынт» і «МЕТ». У 1999—2009 гадах быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Харвест». З лета 2009 года працаваў рэдактарам гістарычнага альманаха «Деды». Выдаў дзясяткі кніг па гісторыі Беларусі, вайсковай справе, рукапашным баі, самаабароне і прыкладной псіхалогіі. У розных выданнях карыстаўся псеўданімамі (напрыклад, Дон Мілер, Жак Піно, Максім Пятроў).

Тарас выступаў рэдактарам, укладальнікам і аўтарам каля ста кніг. Сярод іх — «Войны Маскоўскай Русі з Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай у XIV—XVII стст.» (2006), «Гісторыя імперскіх адносін: беларусы і рускія. 1772—1991» (2008), «Анатомія нянавісці: Руска-польскія канфлікты ў XVIII—XX стст.» (2009), «Грунвальд, 15 ліпеня 1410 года» (2010), «Навуковы антыкамунізм і антыфашызм» (2010), «Перадгісторыя беларусаў ад старажытнасці да XIII стагоддзя» (2010), «Беларусь перад усім: Аб нацыянальнай беларускай ідэі» (2011) і «1812. Трагедыя Беларусі» (2012) і іншыя.

Кнігі Анатоля Тараса выходзілі на рускай мове і карысталіся немалой папулярнасцю. У той жа час ягоныя гістарычныя працы і выдавецкая дзейнасць сутыкаліся з крытыкай у навуковых асяродках. У прыватнасці, крытыкі звярталі ўвагу на недахоп спецыяльнай адукацыі ў розных галінах, на якія распаўсюджвалася ягоная выдавецкая дзейнасць. У дачыненні да гістарычных кніг адзначаліся фактычныя і метадалагічныя памылкі, тэндэнцыйнасць, катэгарычнасць высноў і недастатковыя спасылкі на выкарыстаную літаратуру. 

У апошнія гады адразу некалькі кніг Анатоля Тараса, якія паводле сваёй скіраванасці зусім не ўпісваюцца ў дзяржаўную ідэалогію лукашэнкаўскай Беларусі, былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» выданнямі.

Чытайце таксама:

Прызналі «экстрэмісцкімі» адразу 12 кніг па гісторыі: Тарас, Дзеружынскі, Лыч, Сувораў…

Яшчэ адну кнігу гісторыка Анатоля Тараса прызналі «экстрэмісцкай»

Афіцыйна прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» і адну з кніг Анатоля Тараса

Анатоль Тарас і Парнас

Каментары да артыкула