Памятаеце Насту Рыбку? Яна цяпер праваабаронца
Беларуска, якая праславілася сэкс-трэнінгамі, звязалася з дзіўным праваабарончым фондам у ЗША — кажуць, дапамагае жанчынам.
Наста Рыбка. Фота: gosudarynia_rybka / Instagram
Амерыканская арганізацыя Human Rights & Analytical House піша на сваім сайце, што з 19 красавіка 2026 года запусціла ініцыятыву Women’s Rights Project. Паводле іх, ініцыятыва скіраваная на бяспеку жанчын і прадухіленне крызісаў, а таксама на дапамогу жанчынам і сем'ям, каб тыя маглі стабілізаваць жыццё пасля гвалту, эксплуатацыі і іншых няшчасцяў.
У праекта нечаканая кіраўніца. Гэта Наста Рыбка, беларуска, вядомая праз зусім іншыя рэчы. 36‑гадовая Рыбка праводзіла ў сярэдзіне 2010‑х трэнінгі па спакушэнні разам з сэкс-трэнерам Алексам Леслі, таксама беларусам. У 2017‑2018 гадах мела сувязь з алігархам Алегам Дэрыпаскам, праз якую трапіла ў расследаванне Навальнага, а потым правяла амаль год у тайскай турме.
Цяпер Наста жыве ў Маскве і прадае курс «Сцервалогія», дзе вучыць жанчын знаёміцца з багатымі мужчынамі і атрымліваць ад іх дарагія падарункі. У яе сацсетках няма ні адзінай згадкі пра праваабарону.
Але ж прадстаўнікі Human Rights & Analytical House пацвердзілі «Нашай Ніве», што супрацоўнічаюць з Настассяй Вашукевіч — арганізацыя выкарыстоўвае сапраўднае прозвішча Насты. Паводле іх слоў, Рыбка ладзіць праект па дапамозе жанчынам у крызісным стане, і іх арганізацыя падтрымлівае яе. Гаворка ідзе не пра грашовую падтрымку, бо ў Human Rights & Analytical House няма бюджэту на замежныя праекты. Арганізацыя, аднак, не кажа, што канкрэтна робіць Рыбка і каму ўжо атрымалася дапамагчы за час з красавіка 2026 года.
Раней беларуска ўжо казала, што яе цікавіць праваабарона. Пасля тайскай турмы яна дзялілася, што дапамагае грамадзянам Расіі, якія знаходзіліся на той час у іміграцыйных турмах Тайланда, і была гатовая рабіць гэта ўсё жыццё.