Пацярпелыя ў ДТЗ з дзікімі жывёламі могуць разлічваць на кампенсацыю. Але за паўтара года па яе звярнуліся толькі 13 чалавек
У Беларусі кіроўцы, якія пацярпелі пры сутыкненні з дзікай жывёлай, маюць права на страхавыя выплаты за шкоду здароўю. Віна кіроўцы ў аварыі значэння не мае. Аднак рамонт машыны «аўтаграмадзянка» ў такім выпадку не пакрые.
Пра механізм выплат расказаў БелТА генеральны дырэктар Беларускага бюро па транспартным страхаванні Ігар Клепча.
Паводле звестак ДАІ на 12 лістапада, з пачатку 2026 года ў аварыях з дзікімі жывёламі пацярпелі 93 чалавекі, шэсць загінулі. Найбольш цяжкія наступствы звычайна маюць сутыкненні з ласямі.
Права на кампенсацыю шкоды жыццю і здароўю кіроўцы, а таксама ўладальніка аўтамабіля, калі ён ехаў пасажырам, прадугледзелі ўказам ад 18 сакавіка 2025 года № 108.
Але за паўтара года па выплаты звярнуліся толькі 13 пацярпелых: чацвёра ў 2025 годзе і дзевяць у 2026-м.
«Далёка не ўсе грамадзяне ведаюць пра сваё права на кампенсацыю шкоды ў такіх сітуацыях», — адзначыў Клепча.
Галоўная ўмова — на аўтамабіль, які трапіў у аварыю, мусіць дзейнічаць дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці. Пры гэтым шкода здароўю павінна быць прычыненая менавіта сутыкненнем з дзікай жывёлай.
Кіроўцу і ўладальніку машыны, які ехаў пасажырам, кампенсацыю выплачвае Беларускае бюро па транспартным страхаванні са свайго гарантыйнага фонду. Іншым пасажырам — страхавая кампанія, у якой аформленая «аўтаграмадзянка». У выпадку гібелі пацярпелага звярнуцца па выплату могуць спадчыннікі.
Максімальная сума кампенсацыі шкоды жыццю або здароўю — 1150 базавых велічынь (цяпер — 51750 рублёў). У межах гэтага ліміту да 460 базавых (цяпер 20700 рублёў) могуць выплаціць тым, хто аплаціў пахаванне.
Кампенсаваць можна страчаны заробак або іншы даход, выдаткі на абследаванні, лячэнне, рэабілітацыю, пратэзаванне, лекі і перавязачныя матэрыялы. Таксама прадугледжанае пакрыццё выдаткаў на неабходны догляд, дадатковае харчаванне і санаторна-курортнае лячэнне.
Маральную шкоду, пашкоджанні аўтамабіля і іншай маёмасці гэтыя выплаты не пакрываюць.