БЕЛ Ł РУС

«Мядзведжы капкан». Украіна сарвала акружэнне, пра якое Герасімаў ужо далажыў Пуціну

22.11.2026 / 18:57

Nashaniva.com

Украінскія вайскоўцы паведамілі пра вяртанне пад кантроль 14 населеных пунктаў і 204 квадратных кіламетраў Харкаўскай вобласці. Аперацыя «Мядзведжы капкан», паводле іх, сарвала расійскі план акружэння ўкраінскіх сіл. Яшчэ ў кастрычніку начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў дакладаў Пуціну, што акружаная групоўка ўжо цалкам знішчаная.

Украінская бронетэхніка ідзе на штурм пазіцый расійскіх войскаў каля вёскі Вільхуватка ў Харкаўскай вобласці. Верасень 2026 года. Фота: 475‑ы асобны штурмавы полк

Пра вынікі аперацыі паведаміў 475‑ы асобны штурмавы полк УСУ. Падрабязнасці яе падрыхтоўкі і правядзення высветліла BBC News Украіна.

«Мядзведжы капкан» стаў адказам на расійскую аперацыю «Мядзведжы кут».

Расійскія войскі спрабавалі наступаць з двух бакоў і злучыцца каля пасёлка Прыкалотнэ. Калі б гэта ўдалося, вялікая ўкраінская групоўка апынулася б адрэзанай ад забеспячэння, а пад расійскі кантроль маглі перайсці амаль 500 квадратных кіламетраў вобласці.

16 кастрычніка Герасімаў ужо далажыў Пуціну пра «завяршэнне поўнага знішчэння двухтысячнай групоўкі праціўніка, акружанага ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці».

Ён заявіў пра захоп 28 населеных пунктаў і 461 квадратнага кіламетра тэрыторыі.

Кіеў адмаўляў акружэнне. Пераканаўчых доказаў знішчэння такога вялікага групавання Масква не прадставіла.

Аднак пагроза была сапраўднай. Паводле крыніц BBC ва ўкраінскім камандаванні, сітуацыя ў пэўны момант магла стаць «блізкай да крытычнай». Каб не дапусціць акружэння, на гэты ўчастак перакінулі дадатковыя сілы, у тым ліку 120‑ы разведвальны і 475‑ы штурмавы палкі.

Украінцы вырашылі перарэзаць адну з расійскіх «клюшняў», а для гэтага — прымусіць праціўніка памыліцца з напрамкам галоўнага ўдару.

Паводле камандзіра 475‑га палка, два танкі — Т-80 і Abrams — увайшлі ў Вільхуватку і пачалі абстрэльваць расійскія ўкрыцці. Расійскае камандаванне сцягнула туды рэзервы, палічыўшы, што менавіта тут разгортваецца асноўны наступ. Па падмацаванні ўдарылі дронамі.

Пасля гэтага ўкраінскія падраздзяленні атакавалі расійскі выступ з поўначы і поўдня. Паводле камандзіра палка, да 10 кастрычніка яны самі замкнулі акружэнне расійскіх сіл на гэтым участку. Шляхі падвозу падмацавання мініравалі з дапамогай беспілотнікаў. 

Украінскі полк заяўляе пра расійскія страты каля 800 вайскоўцаў і амаль 400 адзінак тэхнікі. Незалежнага пацвярджэння гэтых лічбаў няма. Вайсковыя аналітыкі таксама не пацвердзілі ўсяго заяўленага маштабу аперацыі, аднак прызналі, што ўкраінцам удалося прадухіліць акружэнне.

Галоўны вынік «Мядзведжага капкана» — зняцце пагрозы адрэзаць украінскія войскі ад забеспячэння. Пры гэтым расійскае камандаванне абвясціла пра знішчэнне групоўкі якая, паводле ўкраінскага боку, працягнула ваяваць і перайшла ў контратаку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула