БЕЛ Ł РУС

Тамагочы зноў папулярныя. Чаму праз 30 гадоў маленькія віртуальныя гадаванцы зноў у трэндзе

22.11.2026 / 19:15

Nashaniva.com

Кішэнная гульня, якая выклікала сусветны фурор тры дзесяцігоддзі таму, зноў перажывае пік папулярнасці. На піск электроннага яйка сёння адгукаюцца не толькі міленіялы, якія выраслі ў 1990-х, але і прадстаўнікі пакалення Z, стомленыя ад бясконцага патоку інфармацыі ў смартфонах, піша The New York Times.

Фота: Steve Russell / Toronto Star via Getty Images

Калісьці іх забаранялі ў школах, а мамам даводзілася карміць віртуальных гадаванцаў, пакуль дзеці былі на ўроках. Праз 30 гадоў тамагочы па-ранейшаму знаходзяць пакупнікоў.

36‑гадовая Рэйчэл Лью з Сінгапура працуе ў сферы кадраў і мае больш за 200 тамагочы. Яна пачала збіраць іх у 2013 годзе, неўзабаве пасля заканчэння ўніверсітэта. Цяпер лічыць сябе часткай сусветнай інтэрнэт-супольнасці аматараў гэтых цацак.

«Мне падабаецца быць сярод людзей з такімі ж інтарэсамі, як у мяне. У звычайным жыцці я гэтага не атрымліваю», — кажа яна.

Ідэя тамагочы ўзнікла ў японскага распрацоўшчыка цацак Акіхіра Ёкоі ў сярэдзіне 1990-х. Ён убачыў рэкламу, у якой хлопчык спрабаваў узяць сваю чарапаху ў падарожжа, і падумаў: было б добра мець гадаванца, якога заўсёды можна насіць з сабой.

Так з’явілася маленькае электроннае яйка на бірульцы. Унутры «жыло» віртуальнае птушаня, якое патрабавала ежы, догляду і ўвагі. Без належнага клопату яно магло памерці — праўда, гульню можна было запусціць нанова.

Першапачаткова цацку прасоўвалі перадусім для дзяўчынак. Нават японскую інструкцыю аформілі падобна да медыцынскай кніжкі, у якой маці фіксуюць развіццё дзіцяці.

Тамагочы з’явіліся ў Японіі ў 1996 годзе, а праз год дайшлі да ЗША і іншых краін. Паводле вытворцы Bandai Namco, за ўвесь час прадалі больш за 100 мільёнаў такіх цацак.

Іх папулярнасць была настолькі вялікай, што школы забаранялі прыносіць тамагочы на заняткі. Каб гадаванец не памёр за час урокаў, дзеці пакідалі яго мамам.

Пазней попыт пачаў спадаць, а ў цацкі з’явіліся канкурэнты. Але тамагочы працягвалі абнаўляць. У мадэлі Tamagotchi Connection, якая выйшла ў 2004 годзе, гадаванцы ўжо маглі праз інфрачырвоную сувязь гуляць разам, абменьвацца падарункамі і нават закахацца ды ажаніцца.

Паводле прафесара маркетынгу Пітэра Фэйдэра, вяртанне цікавасці трымаецца на настальгіі, а новыя тэхналогіі могуць зрабіць цацку яшчэ цікавейшай, чым тры дзесяцігоддзі таму.

Але для некаторых аматараў важная акурат яе прастата.

Цацка таксама стала нагодай для сустрэч. У свеце ўзнікла больш за 60 клубаў тамагочы — ад Чылі і Мексікі да Японіі і Сінгапура. На сустрэчы клуба ў Таронта прыходзілі да ста чалавек.

28‑гадовая арганізатарка нью-ёркскага клуба Джулі Вудвард кажа, што часта чуе ад людзей, якія жывуць у маленькіх кватэрах: ім падабаецца клапаціцца пра віртуальных гадаванцаў.

Паводле апытання вытворцы за 2020 год, каля 40% уладальнікаў тамагочы былі дарослымі.

Цяпер цікавасць падтрымліваюць таксама сацсеткі: аматары паказваюць калекцыі, аглядаюць новыя мадэлі і вучаць іншых размалёўваць ды ўпрыгожваць карпусы сваіх маленькіх гадаванцаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула