Мужчыны ўсё часцей патрабуюць стаўлення да іх як да прынцаў: каб жанчыны плацілі за спатканні і дарылі падарункі
Падарункі, запрашэнні на вячэру і асаблівая ўвага — некаторыя мужчыны хочуць атрымліваць тое, чаго традыцыйна чакаюць ад іх саміх. Для адных гэта крок да раўнапраўя, для іншых — нежаданне прыкладаць намаганні ў адносінах. Але за спрэчкай пра рэстаранны рахунак стаіць большае пытанне: як дамаўляцца пра клопат, калі ранейшыя правілы падыходзяць не ўсім, а новых агульных няма?
Фота: vecteezy.com
У традыцыйным сцэнары спаткання мужчына прыносіць кветкі, адчыняе дзверы, адсоўвае крэсла і аплачвае вячэру. Жанчына атрымлівае ўвагу і адчуванне, што пра яе клапоцяцца. У інтэрнэце такі падыход атрымаў назву «стаўленне як да прынцэсы». Цяпер некаторыя мужчыны пытаюцца: а хто будзе песціць іх? Пра такія чаканні спрачаюцца ў сацсетках, піша «New York Post».
Тыктокер з Таронта Шаўрыя Маноча выступіў за «стаўленне як да прынца»: мужчыны таксама хочуць адчуваць сябе важнымі, атрымліваць клопат і прыемныя сюрпрызы. Яго відэа стала адной з нагод для дыскусіі, якую падхапіла выданне Now Toronto.
Аднак у некаторых гісторыях жаданне ўвагі выглядае ўжо як спіс патрабаванняў. Аўтарка матэрыялаў пра адносіны ў Cosmopolitan Саеда Хаўла Саад расказала пра жанчын, ад якіх мужчыны чакаюць аплачаных вячэр, паездак за рулём і падарункаў. Паводле яе, такія мужчыны абвяшчаюць сябе «прызам», які жанчына павінна заваяваць. Саад называе іх «капрызнымі мужчынамі».
Гэтую спрэчку лёгка звесці да пытання, хто дастае банкаўскую картку. Але адказы жыхароў Таронта паказваюць, што людзі спрачаюцца і пра тое, чаго ўвогуле чакаюць ад партнёра.
Адзін з суразмоўцаў выдання, бацька і муж Аарон, хоча захаваць звыклыя правілы: «Я хацеў бы, каб побач з маёй дачкой быў чалавек, які ставіўся б да яе як да прынцэсы, якой яна і ёсць… Я клапачуся пра яе, берагу яе — тое самае і з маёй жонкай», — патлумачыў ён.
Іншая ўдзельніца апытання прапануе глядзець далей за першае спатканне. Калі пара плануе дзяцей, жанчына возьме на сябе большую частку звязанай з гэтым працы і адказнасці, лічыць яна. Таму чакаць абсалютна аднолькавага ўкладу ва ўсё для яе несправядліва. А вось у шлюбе без дзяцей яна падтрымлівае роўны падзел абавязкаў і выдаткаў.
Для Алекса Хіменеса супярэчнасці наогул няма.
«Мы ўсе заслугоўваем быць прынцамі… Я хачу быць прынцам і хачу мець сваю прынцэсу», — сказаў ён выданню.
У такім разуменні «стаўленне як да прынца» — гэта ўзаемная ўвага: мужчыне таксама прыемна, калі партнёрка сама прыдумае спатканне, запросіць яго кудысьці або падорыць нешта без нагоды.
Заснавальніца службы знаёмстваў «Single in the City» Лора Білота лічыць гэта жаданне зразумелым.
Паводле яе, ад традыцыйных чаканняў грамадства адышло, і некаторыя мужчыны ўжо не ўпэўненыя, якой павінна быць іх роля ў адносінах. Пры гэтым яны таксама хочуць адчуваць, што іх цэняць.
Мяжа праходзіць там, дзе клопат пачынаюць лічыць абавязкам іншага чалавека, не прапаноўваючы нічога ў адказ.
«Хацець добрага стаўлення да сябе — адно. Чакаць, што жанчына будзе пастаянна цябе абслугоўваць, пакуль ты не праяўляеш ініцыятывы і нічога не ўкладаеш, — зусім іншае», — патлумачыла Білота.
Яна раіць звяртаць увагу на сітуацыі, калі пад «стаўленнем як да прынца» хаваецца чаканне, што жанчына возьме на сябе ролю маці.
Зрэшты, наколькі распаўсюджаныя такія патрабаванні па-за сацсеткамі, незразумела. Спецыялістка па знаёмствах Сьюзан Трамбеці ў каментары Fox News выказала меркаванне, што гэта перадусім інтэрнэтная дыскусія, якую блогеры раскручваюць дзеля праглядаў.
А заснавальніца Luma Luxury Matchmaking Эйпрыл Дэвіс прапануе не ператвараць асабістыя чаканні ва ўсеагульныя правілы.
«Тое, што мужчына хоча, каб яго час ад часу запрасілі на вячэру, — не праблема. Чаму б яму гэтага не хацець? Пытанне ў тым, ці робіць ён таксама нешта прыемнае для вас, ці вы ўвесь час адна пра яго клапоціцеся».
Калі жанчына хоча, каб мужчына арганізоўваў спатканні і аплачваў рахункі, яна можа шукаць такога партнёра. Калі мужчына хоча рабіць гэта па чарзе, ён таксама мае на гэта права, кажа Дэвіс.
«Магчыма, вы проста не падыходзіце адно аднаму. Няма патрэбы ператвараць гэта ў спрэчку пра тое, што павінны рабіць усе мужчыны або ўсе жанчыны».