Кіпр выслаў двух расійскіх дыпламатаў праз падазрэнні ў шпіянажы
Кіпрскія спецслужбы выявілі сетку, якая спрабавала атрымаць сакрэтную інфармацыю пра бяспеку краіны і Еўрасаюза, а таксама тэхналогіі, забароненыя да перадачы Расіі. Двух супрацоўнікаў расійскага пасольства западозрылі ў працы на разведку пад дыпламатычным прыкрыццём і прымусілі пакінуць востраў, паведамляюць ANT1 і Politico са спасылкай на крыніцы.
Мікіта Сяргееў са студэнтамі. Фота: МГІМО
Паводле кіпрскіх чыноўнікаў, якія пагаварылі з Politico, падазраваныя кантактавалі з грамадзянамі Кіпра, якія мелі доступ да канфідэнцыйных звестак. Апроч інфармацыі пра бяспеку, цікавілі тэхналогіі, перадача якіх Расіі забароненая санкцыямі ЕС.
Дыпламатаў, паводле крыніц выдання, прымусілі пакінуць Кіпр на мінулым тыдні. Іх імёны і пасады не называюцца.
Аднак The Insider заўважыў, што з афіцыйнага спісу расійскай дыпмісіі зніклі два аташэ — Мікіта Сяргееў і Аляксандр Шаўцоў.
Пра Шаўцова публічнай інфармацыі мала. Сяргееў у маі 2022 года выступаў перад студэнтамі МДІМА, якія вывучалі грэчаскую мову. Ён расказваў пра пераддыпломную практыку ва ўстановах расійскага МЗС за мяжой на прыкладзе пасольства на Кіпры.