БЕЛ Ł РУС

Каля мяжы з Беларуссю нямецкія вайскоўцы ўпершыню выпрабавалі на вучэннях дроны-камікадзэ

22.11.2026 / 22:58

Nashaniva.com

На палігоне Руднінкай у Літве нямецкія вайскоўцы ўпершыню правялі тактычныя выпрабаванні дронаў-камікадзэ. Беспілотнікі накіроўвалі на танкі, але для тэстаў выкарыстоўвалі баявыя часткі без выбухоўкі. Таксама там выпрабавалі сістэму штучнага інтэлекту, якая дапамагае знаходзіць цэлі, паведамляе Reuters.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Juri Rescheto / DW

Выпрабаванні прайшлі 22 лістапада ў межах Freedom Shield — найбуйнейшых на сёння нямецкіх вайсковых вучэнняў у Літве. Выкарыстоўвалі дроны нямецкіх вытворцаў Helsing і Stark.

Такія беспілотнікі могуць пэўны час знаходзіцца ў паветры над вызначаным раёнам, а затым атакаваць цэль і выбухнуць пры ўдары. Расія і Украіна ўжо шырока выкарыстоўваюць іх на вайне. Германія пасля шматгадовых спрэчак ухваліла закупку такой зброі толькі ў 2025 годзе.

За выпрабаваннямі назіраў кіраўнік сухапутных войскаў Германіі Крысціян Фройдынг.

За некалькі дзён да гэтага на палігоне ўпершыню пратэсціравалі Clarity — праграму кампаніі Helsing для вызначэння цэляў з дапамогай штучнага інтэлекту. Яна аналізуе вялікія аб’ёмы звестак са спадарожнікаў, дронаў і іншых датчыкаў і прапаноўвае варыянты дзеянняў. Фройдынг назваў абедзве тэхналогіі незаменнымі для сучаснай вайны.

У Руднінкаі і Рукле размяшчаецца новая нямецкая 45‑я танкавая брыгада. Да канца 2027 года яна павінна налічваць каля 5000 вайскоўцаў і 2000 машын, у тым ліку дзясяткі танкаў. Каля 1800 нямецкіх вайскоўцаў ужо знаходзяцца ў Літве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула