Ярашук расказаў, як Галіна Лукашэнка запрасіла Еўдакімава на гарбату
22 лістапада Яраславу Еўдакімаву магло б споўніцца 80 гадоў. Прафсаюзны дзяяч Аляксандр Ярашук падзяліўся ўспамінамі пра сяброўства са спеваком: начное застолле перад працоўнай планёркай у аблавыканкаме, нечаканае запрашэнне ад жонкі Лукашэнкі і спрэчку пра ганаровае званне.
Яраслаў Еўдакімаў. Фота з яго сацсетак
Больш за год яго ўжо няма разам з намі. А я ўспамінаю часы, калі мы з ім аднойчы адзначалі яго дзень народзінаў. Здаецца, гэта быў 1998 год.
Так атрымалася, што мы рабілі гэта ўтрох — Яраслаў, я і мой малодшы сын Юрась, які тады хадзіў яшчэ ў школу. Юрась глядзеў тэлевізар, а мы са Славам ладзілі застолле. І так былі захопленыя размовамі на самыя розныя тэмы, пад якія раз-пораз падымалі чаркі, што не заўважылі, як праляцела ноч.
Дадам, што Яраслаў, акрамя ўсяго іншага, быў цудоўным субяседнікам. Бог шчодра ўзнагародзіў яго і гэтым талентам. Яго непаўторны ўкраінскі гумар адразу прывабліваў да сябе.
Скажу па шчырасці, прынялі мы на свае грудзі нямала. Я да гэтай пары сам сабе не магу ўсвядоміць, што быў здольны столькі паглынуць «зялёнага змія». Не хачу нават казаць, у якім памеры, бо вы кепска пра мяне падумаеце. Але што было, тое было.
А 6‑й гадзіне раніцы мы нарэшце спахапіліся. Да мяне дайшло, што пара сыходзіць, бо пачынаўся ранак панядзелка і мне патрэбна было ўжо а 8‑й гадзіне быць на працы і ладзіць штотыднёвую планёрку. А я тады быў першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама. Мы з Юрасём рушылі дахаты, я ўзяў з яго слова, што ён пойдзе ў школу, а я — на працу.
Хочаце — верце, хочаце — не, але я прыняў душ, пайшоў у аблвыканкам, адвёў планёрку ў сябе і нават папрысутнічаў на планёрцы ў старшыні аблвыканкама. Здзейсніўшы гэты подзвіг, я вынайшоў, што сіл ні на што больш не засталося, накіраваўся дадому, залёг у ложак і заснуў да канца дня мёртвым сном.
Некалькімі гадамі пазней, здаецца, у 2001-м, калі мае шляхі-дарогі назаўжды разышліся з беларускімі ўладамі і я ўзначальваў Беларускі прафсаюз працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, мы з Яраславам у такі ж познаасенні вечар прыбылі ў Магілёў на «Залаты шлягер».
Многія з вас памятаюць гэты праект, які ладзіўся Магілёўскай абласной філармоніяй. Яраслаў даваў свой сольны выступ у ДК «Хімвалакно» пад бясконцыя апладысменты і суцэльнае «брава».
Пасля канцэрта, калі Яраслаў пераапранаўся, раптам адчыніліся дзверы і зайшоў целаахоўнік жонкі Лукашэнкі, якая прысутнічала на канцэрце.
Ён прамовіў: «Яраслаў Аляксандравіч, Галіна Радзівонаўна запрашае Вас на кубачак гарбаты». Яраслаў ад нечаканасці разгубіўся і кажа: «Саша, што мне рабіць?» Я кажу: «Слава, цябе запрашае жанчына выпіць з ёю гарбаты. Што рабіць — ісці». «А як ты?» «А я пачакаю. У нас наперадзе яшчэ адна лістападаўская ноч», — з усмешкай кажу ў адказ.
Праз гадзіну Яраслаў вярнуўся і, уражаны, кажа: «Саша, якая гэта прыемная, культурная жанчына — ты проста сабе не ўяўляеш!» «Вось бачыш, а ты яшчэ сумняваўся, ісці ці не ісці», — засмяяўся я.
Многія ведаюць пра тое, што Яраслаў вельмі крытычна ставіўся да беларускіх уладаў. Пасля выбараў 2001 года ён нават публічна адмовіўся ад звання «заслужанага артыста». Я лічыў, што дарэмна ён гэта зрабіў. Мяне падтрымаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, мы сябравалі, і аднойчы ўтрох сядзелі ў адным добрым, утульным месцы, абмяркоўвалі гэтую тэму.
Мы з Нілам Сымонавічам спрабавалі Яраслава пераканаць у тым, што, хоць званне прысвоіла ўлада, але не трэба на гэта зважаць, калі цябе насамрэч любіць і паважае народ. А Яраслава любілі і паважалі так, як нікога з яго калег, творчых людзей. Гэта была непараўнальная ні з кім з’ява. І гэта быў выпадак, калі вялікі артыст сам сябе зрабіў.
Яго нарадзіла і выпеставала шчодрая ўкраінская зямля. І заклала ўсё для таго, каб ён адбыўся спеваком найвышэйшага гатунку. У былым Савецкім Саюзе і на сённяшняй постсавецкай прасторы, бадай, няма каго з ім паставіць побач.
Гэта быў магутны талент-самавучка.
Але гэта быў не толькі вялікі артыст, пясняр зямлі ўкраінскай і беларускай. Гэта быў вялікі чалавек і вялікі грамадзянін. У гэтай сваёй чалавечай і грамадзянскай якасці ён не мог змірыцца з існаваннем у Беларусі дыктатуры. І не мог змаўчаць, калі пуцінская Расея здзейсніла, напэўна, самае жудаснае злачынства ў сваёй крывавай гісторыі — напала на яго любую Неньку-Украіну.
Яраслаў публічна асудзіў напад, і ў выніку яму забаранілі выступы ў Расеі. Ён згубіў працу, але захаваў велізарную да сябе павагу і любоў. З тым і сышоў з жыцця ў жніўні мінулага года.
Распавядаюць, што на пахаванні, якое адбылося на просценькіх могілках пад Мінскам, не было практычна нікога з яго беларускіх і расейскіх калег-спевакоў, творчых людзей, прадстаўнікоў беларускага афіцыёзу. Пабаяліся, каб чаго-небудзь не здарылася.
І добра, што не было. Дробныя яны, дробныя як артысты, дробныя як людзі і грамадзяне. Не месца ім побач з такім сапраўдным, магутным волатам. І жывым, і нябожчыкам. Хай спачывае Яраслаў у нашай роднай беларускай зямельцы і сніць сны пра сваю любую Украіну, якая так годна сябе абараняе ад навалы арды.
Чытайце таксама:
Беларускамоўныя песні Яраслава Еўдакімава, якому пры Лукашэнку забаранілі выступаць — падборка
Яраслаў Еўдакімаў хварэў на рак лёгкіх
Яраслаў Еўдакімаў на кароткі час прыехаў у Беларусь
У Томску адмянілі канцэрт Яраслава Еўдакімава пасля публічнага даносу ў мясцовым тэлеграм-канале