У Расіі пасля атак дронаў гараць два НПЗ і нафтавая станцыя, звязаная з «Дружбай»
Пад атаку дронаў 23 лістапада трапілі Пермскі і Новашахцінскі нафтаперапрацоўчыя заводы, а таксама станцыя «Калейкіна» ў Татарстане. Першы НПЗ — адзін з найбуйнейшых у Расіі, другі пастаўляе паліва ў паўднёвыя рэгіёны краіны, а станцыя размяркоўвае нафту для перапрацоўкі і экспарту. Пра атакі паведамляюць ASTRA і маніторынгавыя каналы. Рэгіянальныя ўлады пацвердзілі пажары і пашкоджанні, але не назвалі ўсе прадпрыемствы.
У Пермі, паводле OSINT-аналізу ASTRA, гарыць «Лукойл-Пермнафтааргсінтэз» — адзін з найбуйнейшых і найбольш тэхналагічна абсталяваных НПЗ Расіі. Завод перапрацоўвае каля 13 мільёнаў тон нафты за год, выпускае бензін, дызельнае паліва, авіяцыйную газу і змазачныя алівы.
На тэрыторыі прадпрыемства бачныя некалькі асяродкаў пажару. Паводле аналітыка ASTRA, імаверная зона ўзгарання знаходзіцца на пляцоўцы з устаноўкамі першаснай перапрацоўкі нафты. Іх пашкоджанне можа паўплываць на працу ўсяго завода, але маштаб наступстваў пакуль невядомы.
Губернатар Пермскага краю Дзмітрый Махонін паведаміў пра пашкоджанне «прамысловага аб’екта» падчас адбіцця атакі. Паводле яго, пацярпелых няма. НПЗ ужо неаднаразова атакавалі, пасля ўдару 25 верасня ён спыняў працу.
Яшчэ адной цэллю дронаў стаў Новашахцінскі завод нафтапрадуктаў у Растоўскай вобласці, які забяспечвае палівам поўдзень Расіі. Ён выпускае дызельнае, суднавае і пячное паліва, мазут і бензінавыя фракцыі.
Пра атаку на прадпрыемства паведамілі маніторынгавыя каналы. Губернатар Юрый Слюсарь пацвердзіў пажар у Краснасулінскім раёне, дзе знаходзіцца завод, назваўшы прычынай падзенне абломкаў беспілотнікаў. Сам НПЗ ён не згадаў. Паводле Слюсара, за ноч над рэгіёнам збілі 80 дронаў.
У Татарстане ўлады пацвердзілі атаку на рэзервуары для захоўвання нафты каля Альмецьеўска і пашкоджанне некалькіх аб’ектаў. ASTRA паводле відэа вызначыла месца пажару як нафтаперапампоўвальную станцыю «Калейкіна», прыкладна за 1300 кіламетраў ад украінскай мяжы.
Станцыя прымае, захоўвае, змешвае і перапампоўвае нафту з Татарстана, Заходняй Сібіры, Удмуртыі і Башкартастана. Далей сыравіна паступае на расійскія НПЗ і ў магістральныя нафтаправоды, уключаючы «Дружбу».
Перабоі ў працы гэтага вузла могуць закрануць цэлы ланцужок паставак — ад перапрацоўкі ўнутры Расіі да экспартных маршрутаў. «Калейкіна» ўжо атакавалі 19 лістапада.
Мінабароны РФ заявіла, што за ноч збілі 192 украінскія беспілотнікі над расійскімі рэгіёнамі і акупаваным Крымам.