Фінансы акцёра Эштана Кутчэра перасягнулі адзнаку адзін мільярд даляраў
Ключавым актывам стала доля ў кампаніі Anthropic, распрацоўшчыку штучнага інтэлекту і стваральніку чат-бота Claude.
Эштан Кутчэр. Фота: Franco Origlia/WireImage/Getty Images
Амерыканскі актор і інвестар Эштан Кутчэр афіцыйна папоўніў клуб галівудскіх мільярдэраў. Асноўны ўклад у ягоны капітал зрабілі не толькі паспяховыя кінапраекты — сярод апошніх шматсерыйны бодзі-хорар «Прыгажосць» (2026), — але і дальнабачныя інвестыцыі ў высокія тэхналогіі. Ключавым актывам стала доля ў кампаніі Anthropic, распрацоўніку штучнага інтэлекту і стваральніку чат-бота Claude.
Паводле звестак часопіса Hello!, у 2023 годзе Кутчэр праз сваю венчурную кампанію Sound Ventures інвеставаў у Anthropic 425 мільёнаў даляраў, атрымаўшы 0,5% акцый. У мінулы чацвер, 19 лістапада, Anthropic правяла першаснае публічнае размяшчэнне акцый (IPO): яны пачалі прадавацца на біржы па цане 83 даляры за штуку, а агульная ацэнка кампаніі дасягнула 1,5 трыльёна даляраў.
Пасля выхаду на біржу кошт пакета Sound Ventures вырас прыкладна да 7,5 мільярда даляраў, а прыбытак ад інвестыцыі склаў каля 7 мільярдаў даляраў. Гэтыя сродкі будуць размеркаваныя паміж інвестарамі фонду.
Кутчэр пачаў актыўна інвеставаць яшчэ ў 2000‑х гадах.
У 2010 годзе ён разам з мільярдэрам Ронам Бёрклам і менеджарам талентаў Гаем Озэры (былым менеджарам Мадонны і гурта Red Hot Chili Peppers) заснаваў кампанію A-Grade Investments. У 2015 годзе разам з Озэры ён стварыў Sound Ventures, аднак у ліпені 2026 года адышоў ад аператыўнага кіравання фондам праз супярэчнасці ў падыходах да працы.
Прыкметна, што раней Sound Ventures ужо інвеставала ў OpenAI — галоўнага канкурэнта Anthropic.
Кутчэр атрымаў асабісты дазвол на здзелку ад генеральнага дырэктара OpenAI Сэма Альтмана. Для 48‑гадовага акцёра гэты крок стаў чарговым пацвярджэннем ягонай інвестыцыйнай інтуіцыі: раней ягоны капітал ацэньваўся на суму да 550 мільёнаў даляраў, заробленых дзякуючы інвестыцыям у Airbnb, Uber і біткойн.