Зяленскі пацвердзіў, што карвет «Меркурый» каля Лівіі патапіла Украіна. Другой цэллю быў сухагруз «Ангара»
Украінскія вайскоўцы выкарысталі сем марскіх дронаў у аперацыі каля ўзбярэжжа Лівіі, паведаміў Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, расійскі карвет «Меркурый» затануў, разам з ім знішчаны верталёт Ка-27. Таксама ўдалося пашкодзіць расійскі сухагруз MV ANGARA, які выкарыстоўвалі для перавозкі зброі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім допісе падзякаваў за аперацыю Службе бяспекі Украіны і іншым падраздзяленням Сіл абароны. Паводле яго, ён атрымаў падрабязныя даклады пра ход аперацыі, а вызначаныя цэлі назваў дасягнутымі.
«Нашы ваяры задзейнічалі сем марскіх дронаў украінскай вытворчасці. Нягледзячы на ўсе спробы праціўніка супрацьдзейнічаць, быў затоплены расійскі карвет «Меркурый»», — заявіў ён.
«Меркурый» — адзін з найноўшых расійскіх караблёў: яго прынялі на ўзбраенне ў 2023 годзе, ужо падчас поўнамаштабнай вайны.
Паводле Зяленскага, разам з карветам быў знішчаны баявы верталёт Ка-27.
Карабель суправаджаў расійскія транспартныя судны з вайсковымі грузамі. Адной з задач карветаў гэтага класа з’яўляецца абарона караблёў і марскіх аб’ектаў ад надводных і падводных пагроз.
Другой цэллю Зяленскі назваў сухагруз MV ANGARA.
«Другой нашай цэллю стаў расійскі сухагруз MV ANGARA, які вораг выкарыстоўваў для перавозкі зброі. Вынік — пашкоджаны», — паведаміў прэзідэнт Украіны.
Раней маніторынгавыя каналы меркавалі, што другім атакаваным суднам быў Ascalon.
«Працягваем аперацыі ў вызначаных акваторыях. Адказваем Расіі на агрэсію. Развіваем украінскую зброю», — дадаў Зяленскі.