У ЗША запусцілі архіў беларускіх незалежных сайтаў
23 лістапада, у дзень 120‑годдзя «Нашай Нівы», платформа Kronika абвясціла пра стварэнне BELIMA — архіва беларускіх незалежных медыя. Ён будзе захоўваць публікацыі ад 1990‑х гадоў да нашых дзён, у тым ліку матэрыялы выданняў, чые сайты ўжо недаступныя. Паўнавартасны запуск запланаваны на 2027 год.
Першымі партнёрамі BELIMA сталі «Наша Ніва», «Еўрарадыё», Buro Media, KYKY.org і The Village Беларусь. Цяпер каманда збірае калекцыі і вядзе перамовы з іншымі рэдакцыямі. Ужо адкрыўся сайт праекта.
Архіў будзе збіраць матэрыялы сайтаў, газет, часопісаў і радыё. Яго задача — захаваць тое, што можа знікнуць праз рэпрэсіі, закрыццё рэдакцый, кібератакі або недахоп грошай на падтрыманне сайтаў.
Гэта ўжо адбываецца. Анлайн-архівы KYKY.org і The Village Беларусь цяпер публічна недаступныя. Пасля разгрому TUT.BY у траўні 2021 года пад пагрозай апынуўся яго шматгадовы архіў. А падшыўкі газет «Имя», «Белорусская деловая газета», «Белгазета» і «Народная воля» засталіся пераважна ў беларускіх бібліятэках і прыватных зборах.
Разам са старымі публікацыямі знікаюць першакрыніцы — магчымасць праверыць, што адбывалася, хто што казаў і як беларусы бачылі сваю краіну ў розныя гады.
«Ва ўмовах несвабоды, гвалту, цэнзуры самае страшнае — гэта цішыня, бязмоўе. Калі закрываюцца рэдакцыі, знішчаюцца медыя, блакуюцца сайты і доступ да інфармацыі — знікае жывая памяць, а не толькі фіксацыя фактаў. Знікае летапіс нашага агульнага мінулага, шматгалосы дзённік нашай няпростай эпохі. Беларускія незалежныя медыя і іх гісторыя — гэта і ёсць жывы архіў незалежнай Беларусі. Наша калектыўная памяць і сведчанне. Нельга дазволіць гэтаму знікнуць, нельга проста так усё гэта страціць — усё гэта частка вялікай і складанай размовы пра тое, хто мы, якімі мы былі і кім сталі, як пісалі і гаварылі пра сябе і сваю краіну», — адзначыла Святлана Алексіевіч, якая падтрымала праект.
Сярод іншых, хто публічна падтрымаў BELIMA, — Марыя Калеснікава, Ірына Халіп, Мікалай Халезін, Аляксандр Фядута і Беларускі ПЭН.
Захаванне матэрыялу, тлумачаць удзельнікі праекта, не будзе азначаць яго неадкладнай публікацыі. Частку архіва адкрыюць для ўсіх з магчымасцю пошуку. Іншыя матэрыялы будуць даступныя толькі правераным даследчыкам і журналістам або застануцца ў закрытым сховішчы. Іх апублікуюць пазней, калі гэта не будзе пагражаць аўтарам, героям ды іх блізкім.
Да праекта могуць далучыцца не толькі рэдакцыі. Каманда шукае людзей, у якіх захаваліся папяровыя падшыўкі, лічбавыя копіі і ўласныя калекцыі беларускіх выданняў. Звязацца з ёй можна праз форму на belima.media.
А яшчэ 3 снежня адбудзецца анлайн-сустрэча «На памяць / By Heart». Пісьменнікі, рэдактары і дзеячы культуры раскажуць пра публікацыі, вокладкі і выданні, якія паўплывалі на іх, але цяпер ужо не знаходзяцца. Напрыканцы каманда раскажа, як уладкаваны архіў BELIMA і як паведаміць пра матэрыялы, якія варта захаваць. Сустрэча пачнецца а 20:00 паводле мінскага часу і працягнецца паўтары гадзіны. Рэгістрацыя — на сайце BELIMA.
Праект стварае Kronika — тэхналагічная платформа, заснаваная Bard College і PEN America для захавання незалежнай журналістыкі, якой пагражае знікненне. Раней яна запусціла аналагічныя архівы расійскіх незалежных медыя і медыя Цэнтральнай Амерыкі.