Беларуска звярнулася ў суд, каб даказаць бацькоўства памерлага мужчыны
Правесці экспертызу было няпроста — біялагічныя ўзоры памерлага мужчыны не захаваліся.
Жыхарка Гродзенскай вобласці звярнулася ў суд, каб афіцыйна пацвердзіць сваяцтва непаўналетняга сына з меркаваным бацькам, паведаміў Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Як высветлілася, мужчына ўжо памёр, а экспертыза была неабходная, каб атрымаць пенсію з прычыны страты кармільца і ўступіць у спадчынныя правы.
Аднак правесці экспертызу было няпроста — біялагічныя ўзоры памерлага мужчыны не захаваліся. Адзін з магчымых варыянтаў, расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз, — складаная працэдура эксгумацыі.
Але высветлілася, што ў меркаванага бацькі застаўся родны брат. Мужчына пагадзіўся прайсці экспертызу і здаў свой біялагічны матэрыял.
«Спецыялісты ДКСЭ даследавалі так званую Y-храмасому. Яна перадаецца выключна па мужчынскай лініі — ад бацькі да сына — і застаецца практычна нязменнай на працягу многіх пакаленняў. Гэта азначае, што ў родных братоў і іх сыноў генетычны профіль па гэтай храмасоме супадае», — патлумачылі ў ведамстве.
Вынікі даследавання пацвердзілі сваяцтва па мужчынскай лініі. Паведамляецца, што заключэнне экспертаў стала галоўным доказам у судзе, і правы дзіцяці ўдалося абараніць.