Марыце пра першы складны айфон? Паглядзіце, што выявіла карыстанне ім
Самы цікавы і незвычайны iPhone за амаль дзесяцігоддзе мае свае нюансы. Напрыклад, замена экрана ў ім — даражэйшая за новы iPhone 17.
iPhone Duo каштуе ад 2299 еўра, але яго ўнутраны экран можна незваротна пашкодзіць моцным націскам пазногця. А замена гэтага дысплея па-за гарантыяй у Вялікабрытаніі абыдзецца ў 999 фунтаў — даражэй за новы iPhone 17, які там прадаюць ад 899 фунтаў. Аглядальнік The Guardian пратэсціраваў навінку і знайшоў у ёй як прыемныя сюрпрызы, так і дарагія кампрамісы.
Duo задуманы як тэлефон і планшэт у адной кішэні. Ён раскрываецца кнігай: звонку размешчаны экран на 5,4 цалі, унутры — вялікі складаны дысплей на 7,6 цалі.
Менавіта ўнутраны экран аглядальнік называе галоўнай перавагай. Матавае пакрыццё прыбірае блікі і хавае складку пасярэдзіне: пальцам яе адчуць можна, але падчас прагляду відэа яна амаль непрыкметная. Старыя серыялы ў фармаце 4:3 запаўняюць экран практычна цалкам.
Але гэты дысплэй значна больш далікатны за звычайнае шкло смартфона. Моцны націск пазногцем пакідае пастаянны след. Ужо ёсць і паведамленні пра прылады са зламанымі экранамі.
Брытанскія цэны на рамонт паказваюць, чым рызыкуе ўладальнік: унутраны экран — 999 фунтаў, вонкавы — 389, замена батарэі — 209. Сам Duo каштуе там ад 1999 фунтаў. Такім чынам, рамонт унутранага экрана можа каштаваць палову тэлефона.
У складзеным выглядзе Duo таксама патрабуе прывыкання. Ён кароткі і вельмі шырокі — нават шырэйшы за iPhone 18 Pro Max. Набіраць паведамленні даводзіцца дзвюма рукамі, а клавіятура займае столькі месца, што для самой перапіскі застаецца вузкая паласа.
Apple перанесла частку кнопак і панэль праграм направа. Гэта нязвыкла, але з часам становіцца зручным, піша аўтар. А вось леўшунам будзе складаней: на правай грані размешчаны і сканер адбітка пальца.
Face ID у тэлефоне няма.
Не ўсе праграмы навучыліся карыстацца вялікім экранам. Некаторыя адкрываюцца маленькім акном пасярэдзіне, іншыя пакідаюць пустыя чорныя палосы. Дзве праграмы побач можна запусціць толькі гарызантальна, прычым памеры вокнаў змяняць нельга.
Камеры таксама сталі кампрамісам. Аптычнага тэлеаб’ектыва няма, у цемры Duo здымае горш за iPhone 18 Pro, а схаванай пад унутраным экранам камеры на 4 мегапікселі стае пераважна для відэазванкоў пры добрым святле. Затое сэлфі можна рабіць асноўнымі камерамі, выкарыстоўваючы вонкавы экран як люстэрка.
Прыемным сюрпрызам стала батарэя. У тэсце тэлефон вытрымліваў амаль два дні паміж сілкаваннем. А напалову раскрыты Duo можна паставіць як маленькі ноўтбук — з клавіятурай унізе.
Аглядальнік называе Duo самым цікавым iPhone за доўгі час, але раіць разглядаць яго найперш самым адданым прыхільнікам Apple, якім хочацца чагосьці новага. Паводле яго, сярод складных Android-смартфонаў ёсць больш удалыя і істотна таннейшыя варыянты.