Літоўскую літаратурную прэмію ўручылі за раман «Любыя косці», які перакладзены на беларускую мову
У пятніцу ў Пакруоісе была ўручаная літаратурная прэмія Юозаса Паўкшцяліса.
Сёлета яе атрымала Катрына Зіле за раман «Любыя косці» («Mylimi kaulai»), паведамляе ў інстаграме выдавецтва «Пфляўбаўм».
Кніга пра блізкасць і страту выйшла ў 2024 годзе, а ў 2025 годзе выдавецтва «Пфляўмбаўм» выдала яе беларускі пераклад.
Прэстыжную прэмію Юозаса Паўкшцяліса ўручаюць з 1985 года кожныя тры гады. Цяпер у спісе дваццаці яе лаўрэатак і лаўрэатаў — аўтарка рамана, які ўжо паспеў палюбіцца беларускай аўдыторыі, піша выдавецтва.
Раман — гісторыя жыцця жанчыны, якая захоўвае дома косці двух дарагіх яе сэрцу асоб і расказвае пра сваё жыццё. Час не вызначаны, але імаверна гэта Вільня 1980-х, паўночны раён Фабы (Фабіёнішкі). У тралейбусе №7, якім кіруе бацька гераіні, ездзяць каровы, курэй трымаюць у кватэрах, хлеб пякуць на лесвічнай пляцоўцы, а ў падвалах адпраўляюць таямнічыя абрады. Сярод герояў — персанажы літоўскага фальклору.
Катрына Зіле, фота Wikimedia Commons
Катрына Зіле (Зілінскене) нарадзілася і вырасла ў Вільні. Скончыла Віленскую акадэмію мастацтваў, яна магістарка графічнага дызайну. Працуе ілюстратаркай. З 2017 года — адна з ініцыятарак і арганізатарак фестывалю дзіцячай і юнацкай літаратуры «Востраў дзіцячых кніг» і канферэнцыі «Дзіцячая кніга», якая праводзіцца ў межах фестывалю. Аўтарка некалькіх дзіцячых кніг.