Мядзведзеў прыгразіў прэвентыўным ядзерным ударам у выпадку перадачы Украіне ядзернай зброі
Паводле яго слоў, Украіна і краіны НАТА ўжо стваралі сітуацыі, пры якіх Масква магла пайсці на такі крок.
Дзмітрый Мядзведзеў, фота Ekaterina Shtukina / Sputnik / AP
Намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў дапусціў нанясенне прэвентыўнага ядзернага ўдару ў выпадку перадачы Украіне ядзернай зброі заходнімі краінамі. Пра гэта ён напісаў у артыкуле «Дзяржаўны суверэнітэт і ядзерная зброя: міжнародна-прававыя аспекты забеспячэння нацыянальнай бяспекі» для Маскоўскага часопіса міжнароднага права, паведамляе РБК.
Паводле слоў Мядзведзева, дзейная ядзерная дактрына Расіі непасрэдна не прадугледжвае прэвентыўнага прымянення ядзернай зброі, аднак яе пастаўкі Кіеву могуць вымусіць Расію «прыняць апераджальнае рашэнне для нейтралізацыі гэтай небяспекі».
Мядзведзеў піша, што пры ўзнікненні абставін, прадугледжаных дактрынай, прэзідэнт Расіі не толькі мае права, але і абавязаны выкарыстаць ядзерную зброю. Паводле яго слоў, Украіна і краіны НАТА ўжо стваралі сітуацыі, пры якіх Масква магла пайсці на такі крок.
У артыкуле Мядзведзеў таксама назваў расійскае ўварванне ва Украіну прэвентыўнай самаабаронай і спаслаўся на артыкул 51 Статута ААН.