Беларуса-добраахвотніка, які кінуў гранату ў жылым доме ў Харкаве, адправілі на псіхіятрычную экспертызу
Тэрмін расследавання ягонай справы прадоўжылі.
Ілюстрацыйнае фота
У Харкаве ўраджэнца Мінска, грамадзяніна Беларусі, які служыць рахведчыкам у замежным легіёне Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, затрыманага сёлета ў жніўні па падазрэнні ў хуліганстве з выкарыстаннем аўтамата і гранаты ў жылым доме, адправілі на судова-псіхіятрычную экспертызу.
Як стала вядома Радыё Свабода з інфармаваных крыніц, беларуса-добраахвотніка вызвалілі на чацвёрты дзень пасля затрымання па ўнясенні 266 240 грыўняў закладу (амаль 6 тысяч долараў), а расследаванне ягонай справы прадоўжылі да 21 снежня 2026 года.
Інцыдэнт адбыўся 20 жніўня ў Харкаве на першым паверсе двухпавярховага жылога дома ў прыватным сектары.
Як вынікае з матэрыялаў справы, уначы, прыблізна а 01:30, жыхары пачулі ў пад'ездзе гучныя крыкі мужчыны, які меў з сабой аўтамат з набітым магазінам і боепрыпасы. Потым адбыўся выбух, з вокнаў пасыпалася шкло. Сцвярджаюць, што беларус нібыта кінуў у пад'езд гранату. На месца выклікалі паліцыю.
Прыехалі прадстаўнікі патрульнай паліцыі, а таксама двух спецыяльных падраздзяленняў КАРД і ТАР (Корпус аператыўна-раптоўнага дзеяння Нацыянальнай паліцыі і спецыяльнае падраздзяленне «Тактычна-аператыўнае рэагаванне» ў складзе патрульнай паліцыі Украіны).
Калі беларусу прапанавалі пакласці зброю і здацца, ён зрабіў яшчэ адзін стрэл з аўтамата. Перамовы з ім вялі больш за чатыры гадзіны. У выніку ён дастаў магазін з аўтамата, паклаў зброю на зямлю, падняў рукі ўгору, пасля чаго вайскоўцы спецыяльнага падраздзялення затрымалі яго.
Зброю, якую знайшлі на месцы інцыдэнту, — аўтамат, 17 патронаў і запал ад гранаты — прызналі рэчавымі доказамі ў справе.
Сваёй віны беларускі добраахвотнік не прызнаў. Ён сцвярджаў, што ўсё адбылося ў межах самаабароны ад невядомых, якія на яго напалі. Ягоны адвакат назваў падазрэнне неабгрунтаваным.
Беларускаму вайскоўцу выставілі падазрэнне паводле ч. 4 артыкула 296 Крымінальнага кодэкса Украіны — хуліганства, гэта значыць грубае парушэнне грамадскага парадку з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. Яму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.