У Мінску з'явіўся касмадвор, дзе можна пачуць голас Гагарына
Незвычайную дзіцячую пляцоўку добраўпарадкавалі ў двары дамоў па праспекце Ракасоўскага, 17/2 і 19 у Мінску. Яе ператварылі ў касмадром, піша Blizko.by.
Пасля рамонту пляцоўка стала гульнявым комплексам у выглядзе касмічнай станцыі і ракеты. Таксама тут паклалі пакрыццё з выявай планет, усталявалі стэнд пра першага касманаўта Юрыя Гагарына і абсталявалі зону адпачынку з новымі лаўкамі.
Самае цікавае на пляцоўцы — сакрэтны «код сувязі», схаваны канструктарамі.
Калі стаць у цэнтры касмічнага модуля і прашаптаць: «Паехалі!», рэха прагучыць дакладна так, як арыгінальны запіс слоў Юрыя Гагарына 1961 года.
Праверыць, ці працуе «код сувязі», можна па адрасе, пазначаным на карце ніжэй.