Чаму ў Беларусі імкліва выраслі цэны на скумбрыю і яйкі? Тлумачыць эканаміст
Цэны на скумбрыю, яйкі і іншыя прадукты актыўна абмяркоўваюць у беларускім грамадстве. Чаму прадукты падаражэлі?
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Рыба даражэе па ўсім свеце
Эксперт BEROC Зміцер Крук адзначае, што менавіта рыба і яйкі — дзве асноўныя пазіцыі, цэны на якія сапраўды імкліва растуць.
«Цэны на астатнія харчовыя тавары растуць вельмі павольна, татальнай тэндэнцыі да імклівага росту цэн на прадукты харчавання ў Беларусі цяпер няма», — кажа эканаміст.
Калі казаць пра рыбу, то яе падаражанне — гэта сусветны трэнд, а не выключна беларускі.
«Адбыўся сусветны шок прапановы, паколькі Міжнародная рада па даследаванні мора ўнесла на гэты год рэкамендацыю істотна знізіць вылаў па пэўных відах рыбы, і скумбрыя там стаіць на першым месцы», — тлумачыць эксперт.
І хоць беларускія пастаўкі ідуць пераважна з Расіі, а там не зніжалі аб'ёмы вылаву, расійскі рынак павышае цэны ўслед да сусветным.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Галіновыя назіральнікі называюць гэта перакосам мінулых гадоў, бо вылаў нарастаў, і цяпер б'юць трывогу наконт папуляцыі, што, каб яе захаваць, трэба на бліжэйшыя гады істотна скараціць аб'ёмы вылаву», — кажа Крук і дадае, што для іншых відаў рыбы, акрамя скумбрыі і трэскі, гэты год і так лічыцца не надта ўдалым: рыбы мала, таму вылаў невялікі.
Атрымліваецца, што сітуацыя, якая склалася на сусветным рынку рыбы, у нейкай ступені грае на руку Расіі ці, прынамсі, асобным вытворцам, паколькі на фоне сусветнага дэфіцыту яны могуць павялічваць прапанову, бо не прытрымліваюцца рэкамендацый па зніжэнні аб'ёмаў вылаву.
Яйкі — сезоннае ваганне цэн
З яйкамі, па словах Змітра Крука, сітуацыя выглядае інакш: тут хутчэй ідзе гаворка пра сезонныя ваганні і ўспрыняцце спажыўцоў. Улетку цэны запавольваліся і нават ненадоўга зніжаліся, але пакупнікі звычайна звяртаюць увагу менавіта на рост.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Калі са снежнем мінулага года параўноўваць, то на сёння там амаль нулявы рост — 0,8%. Калі верасень з вераснем, то — 6,2%», — тлумачыць эканаміст і дадае, што адносна імклівы рост адбыўся менавіта напрыканцы мінулага года, а не цяпер.
Паводле яго ацэнкі, беларускі рынак яек проста з пэўным часавым лагам паўтарае цэнавую дынаміку Расіі. А калі глядзець на сітуацыю ў перспектыве двух-трох гадоў, яна застаецца ў межах агульнага трэнду — рост цэн на яйкі не моцна апераджае агульнае падаражанне прадуктаў.
Меркаванне пра тое, што некаторыя прадукты пачынаюць даражэць праз набліжэнне навагодніх свят, эканаміст называе абывацельскім — ніякай сувязі з ростам цэн тут няма.