БЕЛ Ł РУС

«А дзе ЖЭС?» Беларус сам адмыў увесь пад’езд пасля пражывання там бяздомнага ВІДЭА

26.11.2026 / 08:00

Nashaniva.com

Першапачаткова Аляксандр думаў прыбраць толькі пляцоўку, на якой пажыў бяздомны і пакінуў пасля сябе фекаліі і смецце. Але потым вырашыў давесці да ладу ўвесь пад’езд, бо ў некаторых месцах яго не мылі, не краналі гадамі.

Скрыншот з відэа @cleanalex у тыктоку

29‑гадовы Аляксандр раней быў менеджарам, але чатыры гады таму змяніў офіс на працу клінерам. Звычайна ён выязджае прыбрацца ў мінскіх кватэрах перад здачай, продажам ці, напрыклад, родамі і яго мала чым можна здзівіць. Ён адмываў і духоўкі, якія не чысціліся 15 гадоў, і лядоўні, дзе пасяліліся мурашы, і чорную глянцавую плітку. Але сюрпрыз напаткаў яго наўпрост ва ўласным шматкватэрніку.

Напярэдадні хлопец пашкадаваў бяздомнага, купіўшы таму віно. Аддзячыў той, па словах Аляксандра, фекаліямі ў яго ж пад’ездзе.

Суседзі распавялі, што Карпік (такое прозвішча мае бяздомны) жыве на вуліцы больш за 30 гадоў. У мінулым у яго была кватэра ад бацькоў, але пасля іх смерці там пачала жыць сястра, з якой яны не камунікуюць. Кажуць, што неабыякавыя людзі спрабавалі дапамагчы Карпіку, ён нават нейкі час папрацаваў пры манастыры, але алкагольная залежнасць заўжды перамагала.

«Пах стаяў такі, што жонка не вытрымала і збегла праз пяць хвілін», — распавёў Аляксандр, у якіх умовах распачынаў прыбіранне. Водары фекалій і мачы пракрадаліся нават праз рэспіратар.

Пакінуў пасля сябе нязваны госць і бутэлькі з пакетамі, а таксама дыванкі, якія Аляксандр вынес на смецце.

Наступствы жыцця бяздомнага мужчыны ў пад’ездзе. Скрыншот з відэа @cleanalex у тыктоку

Пасля гэтага мужчына вырашыў, што чысцейшым заслугоўвае быць увесь пад’езд. Так ён правёў дзень, спачатку адмываючы галубіны памёт, а пасля ліфт.

«Ліфт быў увесь запляваны. Плюс розныя жывапісы. Я думаю, ён рэдка калі мыўся. Ці ўвогуле ніколі», — пракаментаваў ён.

Яшчэ складаней было дабіцца чысціні смеццяводаў — яны былі і ў тлушчы, і ў шматгадовых слаях нагару пасля цыгарэт, перамяшаных з самімі бычкамі.

Дадаткова клінер асвяжыў выгляд паштовых скрынь і адмыў усе сцены.

«Яны былі ўсе выпацканыя. Не ведаю чым, не будзем здагадвацца», — пракаментаваў Аляксандр у відэа з працэсам прыбірання.

Прыйшлося папацець і над «параднай».

«Там заўсёды, калі шчыра, зарыгана. Асабліва ў куце на ўваходзе ў пад’езд».

Урэшце сам Аляксандр застаўся задаволены вынікамі сваёй працы: «Тут стала па-чартоўску прыемна пахнуць».

Пасля прыборкі сцены ў пад’ездзе пачалі блішчэць. Скрыншот з відэа @cleanalex у тыктоку

Ролік з прыбіраннем сталічнага пад’езда ў тыктоку сабраў ужо каля 200 тысяч праглядаў, у каментарах усе хваляць Аляксандра, называючы героем. Падзякавалі яму і суседзі. Адначасова з гэтым людзі не разумеюць, як можна было так запусціць пад’езд.

Скрыншот з відэа @cleanalex у тыктоку

«Кожны пад'езд павінны прыбіраць і мыць мінімум раз на месяц. Два сухія і адно вільготнае прыбіранне. Калі вы плаціце ЖЭС».

«Шкада, што вы жывяце не ў маім пад’ездзе», — бядуюць некаторыя.

«Часам я думаю, што самыя злавесныя істоты на гэтай планеце — тыя, хто гадзіць там, дзе жыве», — напісана ў адным з самых залайканых каментароў.

«Шкада толькі, што будзе зноў брудна праз час, бо людзі не шануюць», — выказваюцца і такія боязі.

Сам Аляксандр заклікае не крытыкаваць супрацоўнікаў ЖЭСаў, маўляў, іх не хапае, каб памыць кожны дом.

Пакуль ён працуе ў сферы як індывідуальны прадпрымальнік, але ў будучыні марыць адкрыць вялікую клінінгавую кампанію.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула