БЕЛ Ł РУС

Навашахцінскі НПЗ пасля ўкраінскай атакі спыніў працу

23.11.2026 / 16:16

Nashaniva.com

Адзін з апошніх нафтаперапрацоўчых заводаў на поўдні Расіі, які працягваў працаваць пасля серыі атак беспілотнікаў, спыніў вытворчасць. Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў у Растоўскай вобласці быў атакаваны ў ноч на 23 лістапада, піша The Moscow Times.

Фота: t.me/exilenova_plus

Пра прыпыненне працы прадпрыемства паведаміў губернатар вобласці Юрый Слюсар. Паводле яго слоў, у атацы ўдзельнічалі каля 80 беспілотнікаў, а налёт працягваўся больш за шэсць гадзін.

Навашахцінскі завод — адзіны нафтаперапрацоўчы аб’ект у Растоўскай вобласці. Яго праектная магутнасць складае 100 тысяч бараляў за суткі. Ён заставаўся адным з апошніх НПЗ на поўдні Расіі, якія працягвалі працаваць, нягледзячы на лістападаўскія атакі. Паводле ацэнак RAND Corporation, у сярэдзіне лістапада фактычны аб’ём перапрацоўкі складаў каля 70 тысяч бараляў за суткі — на 30% менш за максімальную магутнасць.

Туапсінскі НПЗ кампаніі «Раснафта», найбуйнейшы ў расійскай Паўднёвай федэральнай акрузе, спыніў працу яшчэ ў маі і з таго часу не аднавіў вытворчасць. Афіпскі і Ільскі заводы ў Краснадарскім краі пасля атак 6 лістапада і 23 верасня, адпаведна, страцілі каля паловы магутнасцяў.

З канца кастрычніка атакі беспілотнікаў парушылі працу або прывялі да поўнага спынення не менш як 16 расійскіх НПЗ. Акрамя Навашахцінскага завода, цалкам спынілі перапрацоўку нафты «Нафтааргсінтэз» («НОРСИ») у Ніжагародскай вобласці, «Яраслаўнафтааргсінтэз» («ЯНОС») у Яраслаўлі і Навакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты». Разанскі НПЗ, які забяспечвае палівам у тым ліку Маскву і Маскоўскую вобласць, страціў 90% магутнасцяў.

Омскі НПЗ, найбуйнейшы ў Расіі, пасля атакі 11 лістапада страціў палову магутнасцяў па перапрацоўцы нафты. Столькі ж страціў Валгаградскі НПЗ. Завод «КІНЕФ» у Ленінградскай вобласці, другі ў краіне паводле аб’ёмаў вытворчасці, працуе толькі на траціне магутнасці. Пра гэта сведчаць ацэнкі RAND Corporation.

Паводле звестак галіновых крыніц Reuters, за першыя тры тыдні лістапада аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расіі скараціліся на 45%. Старшы навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Сяргей Вакуленка ацаніў цяперашнюю загрузку НПЗ у 2,7 мільёна бараляў за суткі. Гэта нават ніжэй за найгоршыя паказчыкі летам, калі перапрацоўка складала 3,3 мільёна бараляў за суткі.

Паводле ацэнкі Вакуленкі, уласная вытворчасць у Расіі цяпер забяспечвае толькі 60—65% попыту на бензін. З улікам імпарту дэфіцыт можа дасягаць 25—30% ад агульнага спажывання.

Чытайце таксама:

У Расіі пасля атак дронаў гараць два НПЗ і нафтавая станцыя, звязаная з «Дружбай»

Украінцы нанеслі ўдары па Ільскім і Афіпскім НПЗ на поўдні Расіі

Украінскія дроны зноў дабраліся да Омска ў Сібіры

Удары па расійскіх НПЗ пагрузілі краіну ў найгоршы паліўны крызіс з часоў распаду Савецкага Саюза

Каментары да артыкула