Хто такі Аляксандр Ломскі, новы віцэ-прэм'ер па сельскай гаспадарцы
48‑гадовы Ломскі па мерках старэючага беларускага апарату — адносна малады. Родам ён з Клеччыны. Апошні год адпрацаваў на Берасцейшчыне. Ломскі доўга кіраваў адным з раёнаў Міншчыны ў час, калі вобласцю кіраваў Аляксандр Турчын.
Аляксандр Ломскі, віцэ-прэм'ер па пытаннях сельскай гаспадаркі. Фота: БелТА
23 лістапада Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм'ера, які будзе курыраваць аграпрамысловы комплекс. Ім стаў 48‑гадовы Аляксандр Ломскі, які дагэтуль быў памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. Ранейшы віцэ-прэм'ер па АПК Юрый Шулейка едзе працаваць у Гродзенскую вобласць.
Пры прызначэнні Лукашэнка акрэсліў галоўную задачу: падваенне вынікаў у сельскай гаспадарцы.
Сам Ломскі пасля прызначэння сказаў, што прыярытэтамі будуць большыя аб'ёмы вытворчасці, глыбокая перапрацоўка і экспарт: «З гэтага і буду пачынаць сваю працу».
Заатэхнік з Клецкага раёна
Аляксандр Зіноўевіч Ломскі нарадзіўся 26 сакавіка 1978 года ў вёсцы Заастравечча Клецкага раёна Мінскай вобласці.
У 2000 годзе ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці «Заатэхнія». У 2013 годзе дадаткова атрымаў дыплом Акадэміі кіравання па кіраванні аграпрамысловым комплексам.
Працаваць пачаў у саўгасе «Лясное» Капыльскага раёна. Потым некалькі гадоў быў намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі Клецкага камбікормавага завода.
Клецк, Нясвіж, Мінск
У 2018 годзе Ломскі стаў старшынёй Клецкага раёна, а ўжо праз год узначаліў Нясвіжскі райвыканкам. Нясвіжскім раёнам ён кіраваў аж да верасня 2024 года.
26 верасня 2024 года Лукашэнка зацвердзіў яго першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Праводзячы яго з Нясвіжа, тагачасны кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын сцвярджаў, што пры Ломскім раён «значна пайшоў наперад».
У міністэрстве Ломскі адрабіў менш за год. Пры канцы чэрвеня 2025 года Лукашэнка зрабіў яго сваім памочнікам — інспектарам па Брэсцкай вобласці, і вось цяпер, за паўтара года, перавёў ва ўрад.
Адначасова першы намеснік Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі прызначаны памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці.
Дзмітрый Гарадзецкі стаў памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці. Фота: БелТА
Пасля гэтага прызначэння ў кіраўніцтве Брэсцкай вобласці засталіся вакансіі, і Лукашэнка даручыў падабраць на іх кандыдатаў. Ранейшы інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак стане першым намеснікам генеральнага сакратара СНД.
«Усё, што мы вырабім, пройдзе праз вашы рукі»
«Усё, што мы вырабім у краіне, пройдзе праз вашы рукі», — сказаў ён новаму віцэ-прэм'еру. Продаж сельгаспрадукцыі будзе галоўнай справай, якую мае каардынаваць новы віцэ-прэм’ер.
Стратэгічнай мэтай Лукашэнка назваў падваенне вынікаў у аграрным сектары. І Ломскаму, і іншым прызначаным у гэты дзень чыноўнікам ён даручыў не дзейнічаць па прынцыпе «гэта не мой участак».
Папярэднік Ломскага Юрый Шулейка, які курыраваў АПК ва ўрадзе, паводле слоў Лукашэнкі, едзе працаваць «на канкрэтны ўчастак» у Гродзенскую вобласць. Куды менавіта — Аляксандр Лукашэнка не назваў.